Акцыя “Наш жывёлавод” падтрымлівае працаўнікоў.

З непрыхаваным сумам некаторыя работнікі ААТ “Суцінскі” ўспамінаюць час, калі іх гаспадарка была ў ліку лепшых у раёне. Сёння сельгасарганізацыя  ў іншым становішчы: тут не хапае спецыялістаў, зусім нізкія вытворчыя паказчыкі. 

Людміла Ленкавец (справа) уручыла падарункі Вользе Васільевай і Іне Каліновіч.

Для прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод” колькасць літраў надоенага малака і атрыманых прываг не мае першаснага значэння. Мэта акцыі — наведаць  работнікаў кожнай фермы, падтрымаць іх  і падзякаваць за працу. На гэтым тыдні калектывы ферм гаспадаркі шчыра віталі старшыню райкама прафсаюза работнікаў АПК Людмілу Ленкавец.

Людміла Васільеўна як заўсёды прыехала да жывёлаводаў з падарункамі. Спачатку — шчырыя словы падзякі за  працу, пасля — прыемная цырымонія ўзнагароджання. Да акцыі далучыўся прафсаюзны камітэт гаспадаркі, які ўзначальвае Ніна Скавыш.

На малочнатаварнай ферме “Суцін” прафсаюзныя лідары павіншавалі тэхніка-асемянатара Іну Каліновіч, жывёлавода Вольгу Васільеву, слесара Уладзіміра Цуранава. Падарунак замест аператара машыннага даення Наталлі Дубатоўкі атрымаў яе муж Аляксей Качура, які працуе на гэтай жа ферме падменным жывёлаводам.

— Вельмі прыемна, што ўдзялілі ўвагу і нам. Гэта мая другая ўзнагарода ў рамках акцыі “Наш жывёлавод”, — расказвае Іна Каліновіч. — У гаспадарцы я працую  з 1987 года. Спачатку была брыгадзірам на паляводстве, пасля перайшла ў жывёлагадоўлю. Апошнія адзінаццаць гадоў працую  асемянатарам. Праца ў нас  нялёгкая. Асабліва,  калі  жывёла хварэе. Дзякуй работнікам раённай племянной станцыі, якія часта аказваюць практычную дапамогу.

Магамет Гянджаеў.

На другой малочнатаварнай ферме гаспадаркі — “Цэнтр”—  падарункі атрымалі аператар машыннага даення Ірына Палушкіна і жывёлавод Юрый Кадзееў.

— У рамках акцыі “Наш жывёлавод” мы дазволілі зрабіць некаторае выключэнне і павіншаваць таксама за плённую працу загадчыка зернесушыльнага комплексу Магамета Гянджаева. Ён працуе тут  больш за 10 гадоў  і практычна без памочнікаў, — расказала старшыня прафкама гаспадаркі Ніна Скавыш.

Удзельнікам акцыі стаў таксама трактарыст-машыніст Васіль Варывончык. Васіль Анатольевіч прыйшоў у гаспадарку ў 2003 годзе. Апошнія сем гадоў задзейнічаны на раздачы кармоў. Важнасць сваёй працы разумее  і, нягледзячы на ўсе цяжкасці, як і іншыя работнікі,  зранку спяшаецца на фермы.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *