Бульба адпраўляецца ў сховішча.

IMG_1973ЭБ “Зазер’е” — адна з нямногіх гаспадарак, на палях якой штогод расце бульба. У гэтым годзе пад яе адведзена 70 гектараў.  Вясной садзілі сярэдняспелыя гатункі айчыннай і замежнай селекцыі. У розныя фазы развіцця бульбы апрацоўвалі яе ад захворванняў і ўносілі патрэбныя мікраэлементы. Гэтымі днямі на палетках гаспадаркі вядзецца ўборка “другога хлеба”.

—  Парадавалі гатункі беларускай селекцыі “ўладар” і “брыз”. Іх  ураджайнасць склала 433 і 340  цэнтнераў з гектара адпаведна. Галандскі гатунак “рэд скарлет” даў 312 цэнтнераў з гектара, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Васіль Крывалевіч, які ўжо шмат гадоў займаецца вырошчваннем бульбы. —  Сёлета ў інстытуце бульбаводства ў Самахвалавічах набылі гатункі супер і суперэліты “журавінка”, “янка” і “вектар”.  Спадзяюся, што ўжо ў наступным годзе яны парадуюць нас высокай ураджайнасцю.

Вадзіцелі Анатоль Каваленка і Алег Клімцоў.

Вадзіцелі Анатоль Каваленка і Алег Клімцоў.

Ураджай земляробы ўбіраюць пры дапамозе самаходнага бульбаўборачнага камбайна ККС-2 — распрацоўкі навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі.  Яго атрымалі  восем гадоў таму. На працягу гэтага часу камбайн — надзейны памочнік зазер’еўскіх працаўнікоў.

Кіруе магутным камбайнам механізатар Сяргей Тамашэвіч. Працуе ён з памочнікам — сынам Паўлам.

Механізатары Павел і Сяргей Тамашэвічы.

Механізатары Павел і Сяргей Тамашэвічы.

— Такую машыну вы наўдад ці бачылі на іншых палетках раёна, — дэманструючы ўсе тэхнічныя магчымасці камбайна, гаворыць Сяргей Тамашэвіч. — Мне як вадзіцелю тут вельмі камфортна: ёсць кандыцыянер, у анлайн-рэжыме на экране манітора магу сачыць за працэсам уборкі, карцінка ідзе з камер, якія ўстаноўлены з розных бакоў.  Калі бункер цалкам напаўляецца бульбай, адразу спрацоўвае спецыяльны датчык. Адным словам, у гэтай тэхнікі шмат плюсаў.

У дзень Сяргей і Павел Тамашэвічы ўбіраюць да 4,5 гектараў і папаўняюць засекі гаспадаркі  прыкладна на 140 тон бульбы. З поля ў сховішча яе аператыўна дастаўляюць Алег Клімцоў і Анатоль Каваленка. Алег Федаравіч працуе вадзіцелем ў гаспадарцы ўжо 35 гадоў, Анатоль Аляксандравіч — 20. На сваіх МАЗах у дзень яны робяць да дзесяці рэйсаў.

Усяго ў  ЭБ “Зазер’е” ёсць тры бульбаўборачныя камбайны. Адзін нядаўна выехаў на палеткі на дапамогу ККС-2. На ім працуе Сяргей Цыганкоў з памочнікам Віталем Федарэнка.    Другі камбайн дапамагаў насельніцтву ўбіраць прысядзібныя ўчасткі.

Юлія Карнейчык і Ганна Ладуцька займаюцца сартаваннем бульбы.

Юлія Карнейчык і Ганна Ладуцька займаюцца сартаваннем бульбы.

— У калгасным севазвароце 12 гектараў было адведзена пад бульбу, якую пасадзілі нашы работнікі.  Мы ўбіраем ураджай і дапамагаем з адвозкай, — працягвае галоўны аграном.

На бульбасховішчы работа кіпіць не менш актыўна, чым на полі. Тут бульба праходзіць этап сарціроўкі. Бульба на насенне будзе захоўвацца ў спецыяльных кантэйнерах, астатняя пойдзе на рэалізацыю.

Сартавльшчыца Ганна Дарафеева і загадчыца склада Наталля Пучко.

Сартавльшчыца Ганна Дарафеева і загадчыца склада Наталля Пучко.

 

 

 

 

 

 

 

Бульбу новага ўраджаю з палеткаў Зазер’я  ўжо можна набыць на раённых кірмашах. Яна карыстаецца попытам  у насельніцтва. На мінулым тыдні  амаль дзве тоны  бульбы людзі раскупілі на кірмашы вельмі хутка. Аб’ёмы рэалізацыі “другога хлеба” на кірмашах вырашылі павялічыць.

Земляробы спадзяюцца, што надвор’е дазволіць ім без перашкод завяршыць распачатыя палявыя работы. Гаспадарцы засталося ўбраць 37 гектараў бульбы.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *