З дынастыі перадавікоў
На палетках раёна зараз можна ўбачыць розную сельскагаспадарчую тэхніку. Восень заўсёды задае земляробам актыўны рытм работы, і яны да такіх умоў прызвычаіліся. У СУП “Дукора-агра” на гэтым тыдні завяршылі ворыва глебы пад азімую сяўбу. Заарана 910 гектараў. Механізатар гэтай гаспадаркі Юрый Шлык — адзін з лепшых аратых раёна. На яго рахунку 676 гектараў.
З Юрыем Іванавічам мы сустрэліся ў полі, дзе ён ужо прыступіў да ворыва зябліва. Віншую земляроба з высокім дасягненнем. Юрый Шлык з усмешкай на вуснах слухае радасную навіну. Безумоўна, яму прыемна быць у ліку перадавікоў. Аднак сказаць, што гэта зусім нечаканая падзея, будзе памылкай. Механізатар 25 гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы, і ў яго асабістай калекцыі шмат узнагарод.
— У сельскагаспадарчую галіну я прыйшоў па прыкладзе бацькі. Ён заўсёды быў сярод перадавікоў, — расказвае Юрый Шлык. — У СУП “Дукора-агра” працую толькі два гады. Жыццёвыя абставіны склаліся такім чынам, што прыйшлося пераехаць у Дукору з Бабруйскага раёна. У былой гаспадарцы быў задзейнічаны і на жніве, і на ўборцы буракоў, і на нарыхтоўцы кукурузы. Працаваў заўсёды старанна і самааддана, маю шмат грамат.
Юрый Шлык — вопытны араты. Любіць сваю нялёгкую працу.
— Работа ва ўсіх земляробаў няпростая, — рэзюмуе субяседнік. — Жыць і працаваць на Пухавіччыне мне падабаецца. Людзі тут добрыя. Кіраўніцтва сельгас-арганізацыі забяспечыла жыллём.
Стомленасць Юрый Шлык па-майстэрску хавае за сваёй усмешкай. Восень — не толькі напружаны перыяд палявых работ, але і час добрага заробку. Таму стараецца механізатар якасна выканаць сваю працу. Адпачынак будзе зімой.