Камбайны выйшлі ў поле.

IMG_3730 (копия)Хутка пачнецца ўборка  збожжавых і зернебабовых культур. Аднак сельскагаспадарчыя арганізацыі нашага раёна па некалькі  камбайнаў ужо вывелі на палі: тэхніка прыступіла да абмалоту  рапсу.  Сярод гаспадарак, дзе гэтая каштоўная культура займае значную плошчу, — ААТ “Зазерка”.

— Вясной да нашай гаспадаркі былі далучаны землі  СУП “Сяргеевічы”. Такім чынам, агульная плошча пасеваў  рапсу склала 451 гектар, — расказвае дырэктар ААТ “Зазерка” Андрэй Папельскі.

Каб хутка абмалаціць гэтую плошчу, падрыхтавалі чатыры камбайны: два GS-12 і два КЗС-10, на якіх працуюць камбайнеры Віктар Варановіч, Іон Панфіл, Андрэй Хмялеўскі і Дзмітрый Клунко. Тэмпы работы яны забяспечваюць добрыя: учора, напрыклад, убралі за дзень 60 гектараў і намалацілі 115 тон. У гэтыя выхадныя разлічваем завершыць абмалот рапсавых палеткаў.

На камбайне GS-12 абмалот рапсу вядзе Віктар Варановіч.

На камбайне GS-12 абмалот рапсу вядзе Віктар Варановіч.

Сёлета азімы рапс добра перазімаваў у параўнанні з мінулым годам, калі зімоўку не вытрымала трэцяя частка пасеваў. Ураджайнасць у цэлым радуе. На некаторых палетках атрымліваем да 30 цэнтнераў з гектара. Праўда, ураджайнасць азімага рапсу, што быў пасеяны на сяргеевіцкіх землях, атрымалася не высокай, таму ў сярэднім па аб’яднанай  гаспадарцы выходзіць 17 цэнтнераў з гектара. Тым не менш, і гэта нядрэнны паказчык.

З поля рапс адвозіцца на зерняток, дзе на сушылцы М-819 даводзіцца да патрэбных для рэалізацыі кандыцый. Работа гэта вядзецца кругласутачна.

Ураджай рапсу на зернетаку прымаюць машыніст сушылкі М-819 Мікалай Грабянцоў і загадчыца склада Таццяна Чарток.

Ураджай рапсу на зернетаку прымаюць машыніст сушылкі М-819 Мікалай Грабянцоў і загадчыца склада Таццяна Чарток.

На рэалізацыю рапс адпраўляем на Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў, а таксама ў горад Гарадзея на ЗАТ «Аблрапс-аграсэрвіс». Частку ўраджаю гэтай каштоўнай культуры, якая, як кажуць, заўсёды ў цане, пакінем на захоўванне ў сваім сховішчы. Дарэчы, усе сховішчы гаспадаркі, прызначаныя для захоўвання фуражнага зерня і насеннага матэрыялу, поўнасцю падрыхтаваны: зрабілі хімапрацоўку і пабялілі.

Рапс дае добры прыбытак. Грошы, атрыманыя за яго рэалізацыю, накіроўваем у асноўным на будаўнічыя мэты: у Зазерцы і Сяргеевічах будуем памяшканні для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, сянажныя траншэі, выгульныя двары.

Вядома, азімы рапс — культура даволі капрызная. Каб разлічваць на добры ўра-джай, трэба строга выконваць усе агратэхнічныя патрабаванні па яго вырошчванні, пачынаючы з тэрмінаў сяўбы. Аднак сёлетнія ўмовы надвор’я, якія затрымалі тэрміны выспявання рапсу, зерневых і зернебабовых культур, выклікаюць трывогу наконт правядзення сяўбы азімага рапсу ў аптымальныя тэрміны. Пачатак уборкі  хлябоў таксама затрымліваецца, а, значыць, калі яна пачнецца, трэба будзе як мага хутчэй правесці яе, каб паспець падрыхтаваць глебу пад сяўбу азімага рапсу. А гэта няпростая задача. Трэба ўбраць 2556 гектараў зерневых і зернебабовых культур.

Дарэчы, да работы поўнасцю гатовы ўсе 11 камбайнаў, якія ёсць у гаспадарцы, транспарт для адвозкі зерня, а таксама зернесушылкі, якія здольны перапрацоўваць больш за 400 тон зерня ў суткі.

Запісаў Андрэй  МАЗАНІК.  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *