Максімальна забяспечыць даступнасць, прастату, аператыўнасць у вырашэнні праблем грамадзян

Многія жыхары раёна ведаюць сайт Пухавіцкага райвыканкама www.pukhovichi.minsk-region.by і звярнулі ўвагу на аддзел у ім “Адно акно”. А яшчэ ў будынках раённага, пасялковага і ўсіх сельскіх выканкамаў аформлены маляўнічыя стэнды пад такой жа агульнай назвай. Створаны і дзейнічае сектар па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур. Яго ўзначальвае Ю.В. САЛАНОВІЧ.

— Юлія Віктараўна! У райвыканкаме побач размешчаны дзве службы: аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб і “Адно акно”, якое ўваходзіць у састаў аддзела. Як наведвальніку вызначыцца, у якое акенца звяртацца?

— Той, хто першы раз зайшоў са сваімі праблемамі ў райвыканкам, можа пазнаёміцца з указальнікамі, размешчанымі на сценах у прасторным і светлым холе, або адразу звярнуцца ў аддзел, у першае вакенца. І яго супрацоўнікі Д.І. Губар ці М.А. Дрозд дадуць кваліфікаванае тлумачэнне. Пры неабходнасці пераадрасуюць кліента да нас.

— А ў сельскіх выканкамах?

— Там адміністрацыйныя працэдуры выконвае ўпаўнаважаная на гэта асоба — кіраўнік справамі мясцовага сельвыканкама. Да таго ж і ў іх прыёмных ёсць поўны пералік працэдур, якія яны выконваюць. І робяць іх бясплатна.

— Ваш сектар прымае заяўкі на выкананне 68 працэдур. Кожная з іх нават мае свой нумар.

— Гэта для зручнасці ў рабоце і ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 200 ад 26 красавіка 2010 года “Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян”. Летась мы атрымалі 2199 заяў. У пасялковы і сельскі выканкамы паступіла 9652 заяўкі. Выканалі адпаведна 2013 і 8749 заяў.

Найбольш запатрабаванымі ў апошні час аказаліся пастаноўка на ўлік грамадзян, якім патрэбна палепшыць жыллёвыя ўмовы, выдача даведкі аб прадастаўленні субсідыі на будаўніцтва жылога памяшкання, выдача акта прыёмкі ў эксплуатацыю дома і нежылых капітальных пабудоў, пастаноўка на ўлік грамадзян, якім патрэбны гаражы для аўта-транспарту. Па кожнай пазіцыі паступіла ад 100 да 259 заяў.

— Колькасць зарэгістраваных заяў за мінулы год вырасла больш, чым на 30 працэнтаў. Чым гэта выклікана?

— Пухаўчане аператыўна адрэагавалі на Пастанову Савета Міністраў ад 16 мая 2013 года аб умовах і парадку перабудовы або перапланіроўкі, а таксама рэканструкцыі жылога памяшкання.

У сельскіх выканкамах прайшла аптымізацыя, якая выклікала прыток заяў у тых сельсаветах, у якіх павялічылася тэрыторыя і колькасць населеных пунктаў. 1245 заявак, напрыклад, паступіла ў Пярэжырскі сельвыканкам, па 900 і больш — у Дукорскі, Рудзенскі, Навасёлкаўскі. А вось у Праўдзінскі пасялковы — усяго 464.

— А ці бываюць выпадкі, калі, напрыклад, жыхар Селецка едзе за патрэбнай яму даведкай не ў Шацк (цэнтр сельсавета), а ў Мар’іну Горку?

— На жаль, бываюць. Па-першае, для жыхароў Селецка лепшыя транспартныя зносіны з Мар’інай Горкай, чым з Шацкам. Па-другое, людзі звяртаюць увагу на тое, што пастаноўка грамадзян на ўлік асоб, якім патрэбна паляпшэнне жыллёвых умоў, рэгістрацыя дагавора найма жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонда, выдача пасведчанняў шматдзетным маці і іншыя (усяго 23 віды працэдур) паўтараюцца ў пераліку працэдур як сельскага, так і раённага выканкама. Але яны не ўлічваюць яшчэ адну асаблівасць: тое, што паўтараецца, павінна быць вырашана на месцы. Бо раённая служба “Адно акно” гэтыя ж працэдуры выконвае толькі для жыхароў Мар’інай Горкі і пяці прыгарадных вёсак (Залужжа, Ізбішча, Чырвоны Бераг, Рошча, Цагельня), якія раней уваходзілі ў састаў ліквідаванага Мар’інагорскага гарсавета. Калі ж узнікаюць якія-небудзь яшчэ сумненні ці пытанні, званіце па тэлефонах: 142, 6-01-58. Абавязкова растлумачым і па магчымасці вырашым.

Арганізацыйнымі працэдурамі займаюцца таксама ўпраўленні і аддзелы райвыканкама: упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзел ЗАГС, аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Кожны — у межах сваёй кампетэнцыі.

Наша мэта — максімальна забяспечыць даступнасць, прастату, аператыўнасць у вырашэнні праблем кожнага чалавека.

Гутарыў Браніслаў ЯБЛОНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *