Обсудили вопросы профилактики преступлений

На чарговай каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у раёне абмеркаваны пытанні прафілактыкі злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян.

На тэрыторыі раёна ў 2012 годзе было зарэгістравана 30 злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян, што на 18 менш, чым у папярэднім годзе. Як адзначыў у дакладзе начальнік міліцыі грамадскай бяспекі РАУС П.В. Кастрыцкі, наогул не дапушчана падобных злачынстваў на тэрыторыі грамадскіх пунктаў аховы правапарадку Ананіцкага, Блонскага, Вецярэвіцкага, Голацкага, Дрычынскага, Вузлянскага і Шацкага сельсаветаў. Зніжэнне колькасці злачынстваў адбылося ў Марінай Горцы, Блужскім, Дубраўскім, Дукорскім, Пярэжырскім сельсаветах.

У той жа час адбыўся рост злачыннасці на тэрыторыі грамадскіх пунктаў Навасёлкаўскага (+4), Суцінскага (+2), Пухавіцкага (+1) сельсаветаў, Праўдзінскага пассавета (+1).

За 5 месяцаў бягучага года 2 злачынствы ўчынены на тэрыторыі грамадскага пункта Праўдзінскага пассавета, па аднымна тэрыторыі Свіслацкага пассавета, Голацкага, Дукорскага, Пухавіцкага і Шацкага сельсаветаў.

Учыненне злачынстваў адбываецца, як правіла, пасля сумеснага распіцця спіртных напояў на глебе сямейнабытавых адносін. Пры гэтым і пацярпелыя знаходзіліся ў стане алкагольнага апянення. Значная частка злачынстваў учынена асобамі, якія стаяць на розных відах уліку.

Па ініцыятыве РАУС летась узбуджана 23 крымінальныя справы прэвентыўнай накіраванасці. Аднак 9 спраў у ходзе расследавання былі спынены раённым аддзелам следчага камітэта.

Па кожным факце правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін РАУС рыхтуе інфармацыю ў раённы аддзел адукацыі, камісію па справах няпоўнагадовых. Работнікі адукацыі наведваюць сем’і, вывучаюць абстаноўку, і ў сваю чаргу інфармуюць РАУС аб праведзеных мерапрыемствах.

З мэтай прафілактыкі правапарушэнняў, якія ўчыняюцца ў сферы сямейна-бытавых адносін, летась было накіравана 869 інфармацый аб фактах скандалаў па месцы работы і жыхарства для грамадскага рэагавання і прыняцця адпаведных мер. Участковымі інспектарамі прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства 1723 чалавек, за распіццё спіртных напояў і з’яўленне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе — 1326. Яшчэ 69 — за наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання. У раённую наркалагічную службу дастаўлена 83 чалавекі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Выяўлена 142 выпадкі незаконнага абароту самагону і фальсіфікаваных напояў. На прафілактычным уліку ў грамадскім пункце аховы парадку знаходзіцца 1607 грамадзян.

Як паведаміў пракурор раёна В.І. Галубовіч, які вёў каардынацыйную нараду, з мэтай павышэння эфектыўнасці мерапрыемстваў па прафілактыцы правапарушэняў, пракуратурай праведзена 6 надзорных праверак па пытаннях захавання заканадаўства ў названай сферы. Вывучана дзейнасць сельскіх выканкамаў, саветаў грамадскіх пунктаў аховы парадку, аддзела ўнутраных спраў. Па выяўленых парушэннях заканадаўства ўнесена 6 прадстаўленняў, аб’яўлена 55 афіцыйных папярэджанняў, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 7 службовых асоб.

Былі заслуханы справаздачы старшыні Рудзенскага пасялковага выканкама В.В. Рагатка, Навасёлкаўскага выканкама Г.М. Алесіюк. На нарадзе выступілі пракурор Мінскай вобласці А.В. Лаўрухін, намеснік старшыні райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і пытаннях сацыяльнай сферы Т.У. Ішуцінава, начальнік РАУС Г.І. Сячко.

У прынятым рашэнні каардынацыйная нарада прызнала работу па прафілактыцы злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян не ў поўнай меры адпавядаючай патрабаванням заканадаўства.

Вызначаны меры і мерапрыемствы, якія ў далейшым павінны выканаць РАУС, пракуратура раёна, раённае аддзяленне следчага камітэта, раённы, пасялковыя і сельскія выканкамы, суд, па прафілактыцы злачынстваў.

Барыс АНТОНАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *