Обсуждались вопросы охраны животного и растительного мира

На мінулым тыдні адбылася “прамая лінія” і прыём грамадзян начальніка Мінскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь А.М. Вішнякова. Пухаўчанам прапаноўвалася задаць свае пытанні і абмеркаваць праблемы выкарыстання жывёльнага і расліннага свету, захавання правіл вядзення рыбнай гаспадаркі і рыбалоўства, паляўнічай гаспадаркі і палявання.

Тэлефонных званкоў і наведвальнікаў было няшмат, што Аляксандр Мікалаевіч расцаніў станоўча. Значыць, набалелых пытанняў у людзей не многа, а калі ёсць, то яны, відаць па ўсім, не тэрміновыя. І ўсё ж папрасіў напомніць нашым чытачам, а гэта значыць і многім аматарам прыроды, тэлефоны “гарачых ліній”.

Кругласутачна працуюць тэлефоны Дзяржаўнай і Мінскай міжраённых інспекцый (8-017) 390-00-00 і (8-017) 547-20-00, у рабочыя дні  і ў рабочы час — Мінскай абласной інспекцыі (8-017) 220-53-58.

Сярод тэм, якія хвалююць пухаўчан, на першым месцы знаходзіцца рыбная лоўля. Рэчкі Свіслач і Пціч, дзесяткі меншых рачулак, возера Сяргеевіцкае прывабліваюць шматлікіх рыбаловаў і… браканьераў. З апошнімі і даводзіцца “працаваць” інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Мінская міжраённая інспекцыя ў сваім штаце налічвае разам з начальнікам 5 інспектараў. Зона яе дзейнасці — 4 раёны: Мінскі, Пухавіцкі, Смалявіцкі і часткова Чэрвеньскі.

— У кожным раёне мы бываем практычна штодзённа, — падкрэсліў А.М. Вішнякоў. — У большасці выпадкаў практыкуем рэйдавыя праверкі. На днях на рацэ Волма (мяжа Пухавіцкага і Чэрвеньскага раёнаў) затрымалі браканьера, забралі 300 метраў капронавых сетак, вышынёй да 1,5 метра, а таксама 78 кілаграмаў незаконна злоўленай рыбы. Браканьер кампенсуе ўрон, які склаў 14,5 мільёна  рублёў. На жаль, на тэрыторыі раёна падобныя выпадкі не адзінкавыя.

Аляксандр Мікалаевіч яшчэ раз напомніў аб неабходнасці як гаспадарчым суб’ектам, так і асобным грамадзянам выконваць прыродаахоўнае заканадаўства ў водаахоўнай прыбярэжнай зоне. А яна дасягае ў населеных пунктах 300 метраў, за іх межамі — 500 метраў. Недапушчальна ўзводзіць там новыя пабудовы, размяшчаць летнія лагеры для ўтрымання жывёлы.

Уздоўж трасы М-4 “Мінск — Гомель” на тэрыторыі Пухавіцкага раёна адзін з мінскіх дачнікаў спілаваў пахіленую і падсохлую бярозу. Яна ўжо не расла і толькі псавала выгляд прыдарожнай паласы. Дачнік разлічваў прыбраць “непатрэбнае” дрэва і распілаваць яго на дровы. Па ананімным тэлефонным званку інспектары выехалі на месца. І выявілі, што “ўборку” грамадзянін вёў, не маючы лесапарубачнага білета. Замест 50 тысяч рублёў, якія неабходна было заплаціць лясніцтву за дазвол ссекчы дрэва, дачнік заплаціць штраф у памеры 1 мільён 100 тысяч рублёў.

— У лесе, прыдарожных палосах нельга без дазволу ссякаць нават кусты, — падкрэсліў А.М. Вішнякоў. Дазваляецца толькі збіраць пакінутыя ці адламаныя галіны дрэў. Пад дрэвамі нельга распальваць вогнішчы. Дзеля гэтага лепш падыдзе свабодная ад ламачча  палянка.

На прыёме грамадзян уздымаліся таксама пытанні аховы заказніка “Быцень”, барацьбы з паламі сухой травы, якія бываюць не толькі ранняй вясной, але і ў сухое лета. Звярталася ўвага на захаванне тэхналогіі ўборкі, якая адпужвае дзікую жывёлу, на збожжавых палетках, участках кукурузы. А каб не дапусціць патравы бульбяных плантацый і агародаў, размешчаных паблізу лясных угоддзяў, іх рэкамендуецца агароджваць.

— Гаспадарыць на зямлі  чалавек павінен без парушэння прыродаахоўнага заканадаўства, — упэўнены А.М. Вішнякоў. — Тады  жывёльны і раслінны свет будуць больш багатымі і разнастайнымі.

Браніслаў ЯБЛОНСКІ.

НА ЗДЫМКУ: на прыёме ў А.М. Вішнякова намеснік дырэктара па арганізацыйна-прававой і ідэалагічнай рабоце, куратар паляўнічай гаспадаркі ААТ “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў” К.С. Сапешка.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *