Пра што гавораць назвы вуліц пасёлка Мар’іна.

У гэтым навучальным годзе ў Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным  каледжы  прайшла ўжо шостая вучнёўская навукова-практычная канферэнцыя. Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў навучэнцы  падрыхтавалі даследаванні на самыя розныя, а часам і нечаканыя, тэмы.

Сёлета ўдзельнікі канферэнцыі давалі адказы на пытанні: ці заўсёды бутэрброд падае маслам уніз, у чым прычына лішняй вагі падлеткаў у розных краінах,  як можна стаць багатым праз біткоіны, якія віды даільных апаратаў выкарыстоўваюць лепшыя гаспадаркі свету. А на  даследаванне па тэме “Пра што гавораць назвы вуліц пасёлка Мар’іна” студэнта 2-га курса, навучэнца групы 112м аддзялення “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”, удзельніка аб’яднання “Старонкі гісторыі”, якое працуе пры музеі гісторыі ўстановы адукацыі, Арцёма Бачарова натхніў артыкул “Дать улице название…”, надрукаваны ў газеце “Пухавіцкія навіны”. Прачытаўшы яго, Арцём  задаўся пытаннем, ці можна вызначыць гісторыю паходжання назваў вуліц пасёлка Мар’іна, у якім размешчана старэйшая спецыяльная  навучальная ўстанова нашай краіны — Мар’інагорскі аграрна-тэхнічны каледж.

У выніку атрымалася цікавае  даследаванне,  з якога можна даведацца, што з дзевяці існуючых у пасёлку Мар’іна вуліц геа-графічныя назвы маюць сем, а дзве носяць “імянныя” назвы. Імёны герояў, у гонар якіх названы вуліцы пасёлка, цесна звязаны з гісторыяй нашай навучальнай установы: гэта навучэнец Міхаіл Рудовіч — арганізатар партызанскага руху ў гады грамадзянскай вайны, і вучоны Іван Мічурын, па падручніках якога вучылася не адно пакаленне студэнтаў. Вуліцы, названыя ў гонар знакамітых людзей, існуюць у пасёлку даўно. А вось новыя   носяць назвы Садовая, Паркавая, Азёрная, Мядовая, Радужная, Новая, Нагорная. І гэтыя назвы невыпадковыя, бо шматгадовая гісторыя навучальнай установы сведчыць пра тое, што на месцах  з сучаснымі пабудовамі некалі быў разбіты парк, закладзены сад, а першы кіраўнік сельскагаспадарчай школы Фёдар Іванавіч Губін — першы прафесар пчалярства ў Расіі,  і пры ім з’явілася першая пасека на тэрыторыі пасёлка. Размяшчалася яна перад вучэбным корпусам  (цяпер гэта месца паміж карпусамі “Агранамія” і “ружовым”).

На канферэнцыі Арцёма спыталі, пра што ж гавораць назвы вуліц пасёлка Мар’іна. І ён, не задумваючыся, адказаў: “Пра гісторыю!”. І гэта на самой справе так: пра гісторыю пасёлка, установы адукацыі, людзей, што тут жылі, вучыліся, працавалі.

Поспех  на вучнёўскай канферэнцыі — не адзінае дасягненне: было вырашана прадставіць гэтае даследаванне на абласны конкурс “Тапаніміка роднага краю”, які праходзіў у межах рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі —  тым ганаруся”. Па яго выніках  даследчая работа “Пра што гавораць назвы вуліц пасёлка Мар’іна”  Арцёма Бачарова адзначана дыпломам 2-й ступені ў намінацыі “Пасёлкі”.

Алена  СВІРЫДАВА,

выкладчык  Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага  каледжа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *