Пухавіцкім скалалазам лета запомніцца вандроўкамі

IMG_7468Выхаванцы секцыі па спартыўным скалалазанні працягваюць следаваць свайму жыццёваму крэдавандраваць па тых месцах, дзе дагэтуль ні разу не былі. Свой чарговы  і апошні сёлетні паход спартсмены здзейснілі на Браслаўскія азёры.

Каля ста кіламетраў за дзевяць дзён пераадолелі юныя пухаўчане. На цягніку яны даехалі да аграгарадка Друя Віцебскай вобласці, які размяшчаецца каля мяжы з Латвіяй. Затым пешшу дабіраліся да прыроднай таямніцы Браслава — азёраў.

— У нашай каманды шмат эмоцый і ўражанняў ад вандроўкі, — гаворыць трэнер Вольга Рак. — Працягласць самага вялікага пераходу была васямнаццаць кіламетраў, іх усе дзеці пераадолелі без цяжкасцей. Мы падняліся на гару Маяк — гэта лепшая аглядная пляцоўка на тэрыторыі Нацыянальнага парка. Яна знаходзіцца на вышыні 45 метраў над вадой. Мы паплавалі ў мясцовых азёрах, таксама пабудавалі паходную лазню.IMG_5998

Лета, якога засталося зусім няшмат, запомніцца пухавіцкім скалалазам не толькі дружнымі вячоркамі каля вогнішча і начлегамі ў палатках. Хлопцы і дзяўчаты таксама шмат даведаліся пра гісторыка-культурныя каштоўнасці нашай краіны. Спартсмены наведалі Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, Музей кнігі і друку ў Міёрах і іншыя цікавыя месцы.

Насычаныя летнія канікулы набліжаюцца да завяршэння. Хутка нашы землякі пачнуць чарговы  спартыўны сезон. Перад гэтым іх чакаюць зборы ў Полацку і Магілёве, пасля — трэніроўкі, спаборніцтвы і, безумоўна, новыя ўзнагароды.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *