Пухавіччанін Аляксей Казючыц ўдзельнічаў у адборы на “Славянскі базар”.

Кожны год у Віцебску праходзіць галоўны музычны фестываль славянскіх краін “Славянскі базар”. А галоўнымі падзеямі фестывалю па праву становяцца дзіцячы конкурс і конкурс выканаўцаў эстраднай песні.

Аляксей Казючыц.

Аляксей Казючыц.

Жыхары любой краіны свету маюць магчымасць трапіць у лік канкурсантаў. Але сярод беларусаў гэты конкурс карыстаецца найбольшай папулярнасцю.

Так, 5 снежня, на базе Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў адбыўся Мінскі абласны адбор на Міжнародны конкурс выканаўцаў “Віцебск-2018”.

За права ўдзелу ў дзіцячым музычным конкурсе спрачаліся 14 канкурсантаў ва ўзросце ад 7 да 12 гадоў з Барысаўскага, Дзяржынскага, Маладзечанскага, Мінскага, Клецкага, Слуцкага раёнаў, горада Жодзіна, а таксама навучэнцы студый Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

Па выніках праслухоўвання ў наступны этап рэспубліканскага адбору прайшлі 5 падлеткаў. Галоўнай умовай дзіцячага конкурсу было выкананне адной з песень на роднай мове, другі твор мог быць выбраны па жаданні спевака.

Алеся Віталс  адной з песень  выканала твор  Ігара  Лучанка “Жураўлі на Палессе ляцяць”, што даволі тэматычна, бо ў  2018-м годзе наш славуты зямляк, песні якога ведае ўся постсавецкая прастора, адзначыць сваё 80-годдзе. Дарэчы, дзяўчына мае цудоўны голас, моц якога прабірала да слёз журы і слухачоў.

На адборы міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2018” супернічалі больш за 20 маладых спевакоў з Барысаўскага, Вілейскага, Маладзечанскага, Мінскага, Крупскага, Нясвіжскага, Пухавіцкага, Чэрвенскага раёнаў, горада Жодзіна і навучэнцы Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў ва ўзросце ад 18 да 31 года.

Сваімі ўражаннямі падзяліўся пухавіччанін Аляксей Казючыц, які ўпершыню ўдзельнічаў у адборы на “Славянскі базар”. Аляксей  ніколі ў  жыцці  не быў у Віцебску, але пабываць там і  выступіць на адной  з  галоўных  пляцовак краіны  з’яўляецца  яго  сапраўднай  марай.  Спявак  сочыць за конкурсам выканаўцаў эстраднай песні некалькі гадоў і лічыць, што ўдзел у фестывалі такога маштабу з’яўляецца добрым трамплінам для будучай кар’еры. Аляксею спадабалася арганізацыя конкурсу, вялікая канкурэнцыя, рэпертуар выканаўцаў. На жаль, гэтым годам прадстаўнікі Пухавіцкага раёна не змаглі прайсці ў фінал конкурсу.

А вось фіналістка конкурсу Наталля Ламака з Маладзечна спрабавала пакарыць сцэну “Славянскага базара” тройчы. Кожная з гэтых спроб давала штуршок ісці наперад і шмат працаваць над сабою. Дзяўчына спадзяецца, што гэты год павінен быць удалым. Яна сочыць за конкурсам па тэлевізары, звяртае ўвагу на гук, эмоцыі і пластыку ўдзельнікаў, рэпертуар і спосабы данесці песню да слухача. Наталля прымала ўдзел у мюзікле Кіма Брэйдбурга “Казанова”, які ладзіўся ў фестывальным Віцебску летась, і хоча вярнуцца ў горад зноў.  Найвялікшай   каштоўнасцю фестывалю лічыць атрыманы вопыт і матывацыю да працы. Каб дасягнуць поспеху, дзяўчына  прымае  ўдзел у  многіх  фестывалях  і  конкурсах, напрыклад, у  фестывалі “Майскі вальс”, што ладзіцца ў Пухавіцкім  раёне.  Наступны   юбілейны  год Ігара Лучанка не стане выключэннем. Незалежна ад вынікаў адбору на “Славянскі базар”, спявачка збіраецца наведаць Мар’іну Горку  і выканаць песні нашага кампазітара-земляка.

Напрыканцы цудоўнага свята песні кіраўнік журы Алег   Елісеенкаў адзначыў высокі ўзровень усіх выканаўцаў, заўважыў, што сёння вырашальнае значэнне маюць не толькі кампетэнцыі спевака, але і добра выбраны рэпертуар, аранжыроўка і, самае галоўнае, работа і падтрымка нашых настаўнікаў.

З года ў год павялічваецца мастацкі  і  выканаўчы ўзровень канкурсантаў. Кожны  ўдзельнік атрымаў дыплом і музычны фестывальны  дыск, а  таксама  бясцэнны  вопыт.

Ягор  Жылук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *