Пухаўчане прынялі ўдзел у міжнароднай сельскагаспадарчай выставе

DSC_0052 (копия)25-я  юбілейная  спецыялізаваная  міжнародная  сельскагаспадарчая  выстава  «Белагра-2015» праходзіла ў Мінску з 2 па 6 чэрвеня. На працягу пяці дзён жыхары і госці сталіцы маглі пазнаёміцца з прадукцыяй як беларускіх, так і замежных прадпрыемстваў. Пухавіцкі раён прадставілі ААТ «Машхарчпрад», ААТ «Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў» і пастаянны ўдзельнік выставы эксперыментальная база «Зазер’е». Усяго ў гэтым годзе на Футбольным манежы свой асартымент прадставілі больш за 500 кампаній з 23 краін свету.

Экспазіцыю НПЦ па механізацыі сельскай гаспадаркі наведаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц. Работніца эксперыментальнай базы «Зазер’е» Анастасія Барысевіч сустрэла госця караваем.

Больш за паўтары тысячы гектараў у эксперыментальнай базе «Зазер’е» займаюць збожжавыя і зернебабовыя культуры. Таму пачэснае месца сярод экспанатаў гаспадаркі на выстаўцы занялі ўзоры насення азімай пшаніцы «Ядвіся», «Сюіта» і «Каларыт», азімага трыцікале «Імпульс» і «Праметэй», ячменю «Фэст», «Водар» і «Якуб», яравой пшаніцы «Світанак» і «Дар’я». Жыта было прадстаўлена гатункамі «Зазерская» і «Лота». Гаспадарка таксама пазнаёміла гасцей і ўдзельнікаў выставы з элітным насеннем бульбы, сярод якого варта адзначыць гатункі «Уладар», «Скарб», «Крыніца» і «Зорачка».

Каб у будучым атрымаць добры ўраджай не толькі збожжавых, але і ўсіх сельскагаспадарчых культур, трэба загадзя падумаць і аб тэхналагічным аснашчэнні. У Навукова- практычным цэнтры НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі, куды ўваходзіць эксперыментальная база «Зазер’е», гэта пытанне нумар адзін. На пляцоўцы цэнтра можна было ўбачыць як ужо правераныя, так і самыя апошнія ўзоры сельскагаспадарчай тэхнікі. Сярод навінак — агрэгат самаходны ўніверсальны з струменевым кантэйнеравозам АСК-6. Гэтая тэхніка прызначана для збору пладоў, а таксама фарміравання кроны семечкавых культур. Пры гэтым прадукцыйнасць у параўнанні з ручной працай пры ўборцы павышаецца ў 2,5 разы, а пры абрэзцы дрэваў — у 5 разоў. Цікавіліся наведвальнікі выставы таксама камбайнамі для ўборкі капусты і морквы. Рабочыя выпрабаванні новай тэхнікі заўсёды праходзяць на палях эксперыментальнай базы.

Прадукцыя харчовай вытворчасці раёна была прадстаўлена адкрытым акцыянерным таварыствам «Машхарчпрад».  Сярод экспанатаў завода — узоры сухога бульбянога пюрэ, солад жытні і снэкавая прадукцыя.Таксама прадпрыемства займаецца вытворчасцю харчовага абсталявання, якое было прадстаўлена на выставе ў каталогах. На сённяшні дзень вялікім попытам карыстаюцца комплексы вытворчасці чыпсаў, а таксама падрыхтоўкі і ачысткі бульбы і іншай гародніны. У міжнароднай выставе  завод прымае ўдзел ужо трэці год, і, трэба адзначыць, яго прадукцыя атрымлівае добрыя водгукі. Кожны раз спіс прадпрыемстваў- партнёраў папаўняецца новымі імёнамі.

За актыўны ўдзел у юбілейнай спецыялізаванай выставе «Белагра-2015» ОАО «Машхарчпрад» і РСДУП  «Эксперыментальная база «Зазер’е» былі адзначаны дыпломамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Яўгенія ВАЖНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *