Хлебаробамі ААТ “Голацк” устаноўлены рэкорд.

Канчатковы вынік уборкі ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у бягучым годзе вызначыцца пасля таго, як завершыцца ўборка кукурузы на зерне. Але ўжо зараз можна канстатаваць, што  хлебаробамі ААТ “Голацк” устаноўлены рэкорд па валавым зборы зерня.  Сёлета на палетках гаспадаркі намалочана звыш 11 тысяч тон збожжа!

Дырэктар ААТ "Голацк" Дзмітрый Ленкавец і галоўны аграном Анатоль Колтун.

Дырэктар ААТ «Голацк» Дзмітрый Ленкавец і галоўны аграном Анатоль Колтун.

Дырэктар ААТ “Голацк” Дзмітрый Ленкавец асноўнымі складальнікамі поспеху лічыць выкананне тэхналагічных параметраў на кожным этапе вырошчвання збожжавых і зернебабовых культур, высокі прафесійны ўзровень занятых у гэтай справе працаўнікоў і добрасумленныя адносіны іх да работы.

Асноўная частка сёлетняга ўраджаю закладвалася летам-восенню мінулага года: у гаспадарцы зладжана і аператыўна правялі жніво, што дазволіла без прамаруджання прыступіць да падрыхтоўкі глебы пад сяўбу азімых культур. Вопытныя ў справе падрыхтоўкі глебы механізатары Сяргей Нежавец, Аляксандр Лях, Канстанцін Вайцэховіч, Павел Шыдлоўскі, сеяльшчыкі Руслан Пуцят, Віталь Гараўскі і іншыя ўсе работы ў полі выконвалі строга па тэхналагічных патрабаваннях. Працавалі з ранку і да позняга вечара, каб увесь азімы клін засеяць у аптымальныя тэрміны, і з гэтай задачай поўнасцю справіліся.

Аляксандр Расолька.

Аляксандр Расолька.

Разлічваць на добры ўраджай дазваляла і насенне.  50 гектараў занялі элітныя пасевы пшаніцы і 100 гектараў — трыцікале, астатнія амаль тысяча гектараў азімых — першай рэпрадукцыі.

Зіма дазволіла азімым пасевам добра перазімаваць.  Не стварала надвор’е вялікіх перашкод для земляробаў і напачатку вясны. Яравыя культуры таксама былі пасеяны ў аптымальныя тэрміны.

Але потым кліматычныя ўмовы  пачалі выклікаць трывогу аб ураджаі. Доўгія  перыяды халоднага, а потым сухога надвор’я стрымлівалі рост і выспяванне зерневых культур.

Загадчык гаража Васіль Прохарчык, галоўны інжынер Аляксандр Лешчанка, інжынер-механік Аляксандр Славікоўскі.

Загадчык гаража Васіль Прохарчык, галоўны інжынер Аляксандр Лешчанка, інжынер-механік Аляксандр Славікоўскі.

— Жніво давялося пачынаць тыдні на два пазней звычайнага, — успамінае галоўны аграном ААТ “Голацк” Анатоль Колтун. — Зразумела, трэба было, як кажуць, даганяць тэрміны ў час самой уборкі хлябоў, каб не затрымаць потым працэс закладкі новага ўраджаю. Ды і колас ужо патрабаваў хуткага абмалоту, інакш зерне пачало б абсыпацца.

Камбайны выйшлі ў поле першага жніўня, як толькі вільготнасць зерня наблізілася да параметраў, якія дазваляюць ужо весці абмалот. Чакаць было нельга. Хутка былі задзейнічаны ўсе 7 камбайнаў: тры —“Лексіёны”, два КЗС-1218 і два “Дон-1500”. На “Лексіёнах” — вопытныя старшыя камбайнеры, якія з году ў год уваходзяць у лік лідараў раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур: Віктар Гардзіенка, Мікалай Тарасевіч і Аляксандр Расолька. І на гэты раз яны пацвердзілі свой высокі прафесіяналізм і адданасць рабоце: іх намалоты склалі адпаведна 2769, 2701 і 2683 тоны зерня. Па гэтых і іншых паказчыках Віктар Гардзіенка і Аляксандр Расолька зноў выйшлі ў прызёры раённага спаборніцтва сярод камбайнераў, заняўшы адпаведна другое і трэцяе месцы.

Аляксандр Хадыка.

Аляксандр Хадыка.

У экіпажы з Віктарам Васільевічам працаваў Сяргей Стулянкоў, з Аляксандрам Генадзьевічам — Яўген Кубры, з Мікалаем Мікалаевічам — яго сын Ігар. Яны ж і адвозілі зерне ад камбайнаў на збожжаток. Іх імёны таксама адзначаны ў спісе лепшых вадзіцеляў раёна, якія займаліся адвозкай зерня: Сяргей заняў другое месца ў раённым спаборніцтве, а Яўген — трэцяе.

Выдатна папрацавалі і экіпажы камбайнаў КЗС-1218 у складзе Васіля Валчка і Сяргея Качэрскага, братоў Сяргея і Юрыя Нежаўцаў, якія намалацілі адпаведна 1614 і 1267 тон зерня. Дапамаглі ў надзвычай сціслыя тэрміны ўбраць ураджай збожжавых і экіпажы “Донаў” — Аляксандр Чарнашэй з Мікалаем Паддубскім і Аляксандр Ляўкоў з Аляксандрам Ляхам, намалот якіх склаў адпаведна 879 і 634 тоны зерня.

Абмалот збажжавых палеткаў, плошча якіх перавышала 2330 гектараў,  правялі хутка, страт зерня не было дапушчана.

Сяргей Валенда і Яўген Кубры.

Сяргей Валенда і Яўген Кубры.

— Камбайнеры і вадзіцелі добра падрыхтавалі сваю тэхніку, што патрабавала нямала намаганняў. Тым жа “Лексіёнам” ужо больш за 10 гадоў, — адзначае галоўны інжынер ААТ “Голацк” Аляксандр Лешчанка. — Быў зроблены і дастатковы запас так званага расходнага матэрыялу і запчастак, што дазваляла хутка рабіць іх замену, калі здараліся паломкі.

Жніво правялі без прастояў, у чым заслуга і вадзіцеляў, якія адвозілі збожжа. У іх ліку Руслан Сідарэнка, Віктар Міроненка, Уладзімір Шаліма, Васіль Бялко.

Вялікая нагрузка выпала сёлета на аператараў зернесушыльнага комплексу КЗСВ-30 Аляксандра Хадыку, Міхаіла Прохарчыка, Мікалая Прохарчыка, Аляксандра Няпомніка.  Шмат  зерня паступала з поля на збожжаток з павышанай вільготнасцю, таму зернесушылка працавала бесперапынна на поўную магутнасць.

Дарэчы, Аляксандр Хадыка таксама ў спісе лепшых працаўнікоў раёна. Ён заняў першае месца ў раённым спаборніцтве сярод аператараў зернесушыльных комплексаў. У гэты спіс увайшоў і механізатар гаспадаркі Сяргей Валенда, якія заняў першае месца ў раённым спаборніцтве на ўнясенні мінеральных удабрэнняў.

Хлебная ніва шчодра аддзячыла хлебаробам ААТ “Голацк” за старанную працу.  З палеткаў пшаніцы атрымана па 45,7 цэнтнера з гектара, трыцікале — 49,2 цэнтнера,  авёс даў больш за 50 цэнтнераў з гектара. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых склала 43,1 цэнтнера з гектара.

У гаспадарцы разлічваюць атрымаць багаты ўраджай зерневых і ў будучым годзе. Для гэтага ўжо нямала зроблена: сяўба азімых культур праведзена ў лепшыя тэрміны і была завершана да 1 кастрычніка. Палеткі азімай пшаніцы і азімага трыцікале, якія вызначаюцца высокай ураджайнасцю, павялічылі адпаведна з 375 да 510 гектараў і з 778 да 876 гектараў. Цяпер галоўнае, каб пасевы добра перазімавалі, а тады, магчыма, голацкія хлебаробы ўстановяць свой новы працоўны рэкорд.

Андрэй  МАЗАНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *