У раёне прайшоў конкурс аматарскай творчасці «З рога ўсяго многа».

«З рога ўсяго многа» — так у гэтым годзе называўся традыцыйны конкурс аматарскай творчасці, які прайшоў у раёне. Тэма была выбрана ўніверсальная. Таму і сваю работу з  разнастайнымі аматарамі творчасці Дамы культуры змаглі паказаць у поўным аб’ёме. Такую мэту, дарэчы, ставіў і арганізатар агляду — раённы цэнтр культуры. І яна была дасягнута: перад журы паўстала поўная панарама культурнага жыцця раёна.

На вячорках у Голацкім сельскім Доме культуры.

На вячорках у Голацкім сельскім Доме культуры.

Традыцыйна да агляду рыхтуюцца ўсе Дамы культуры, сельскія клубы. Іх у раёне  20. Але  самыя актыўныя, якія на працягу года   ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах, выступаюць на абласных і рэспубліканскіх пляцоўках, свой залік атрымалі “аўтаматам”. Сярод іх Дружненскі і Рудзенскі пасялковыя, Блонскі, Борскі, Дукорскі сельскія Дамы культуры.

Кожны Дом культуры да агляду  падрыхтаваў выставы работ удзельнікаў разнастайных гурткоў,  арыгінальную канцэртную праграму, якая падкрэслівала асаблівасці яго дзейнасці.

Напрыклад, у Ананіцкім сельскім клубе актыўна працуюць з дзецьмі. Гэты напрамак і стаў галоўным у прэзентацыі работы. У Турыне  няма дзіцячых  гурткоў і творчых калектываў, але арганізаваны дзіцячы  пакой вольнага часу,  дзе з малымі праводзяць цікавыя гульні і творчыя заняткі.

Удзельнікі самадзейнага калектыву “Вярбічанька” Дрычынскага сельскага Дома культуры прадставілі праграму  “Свята гарбаты і меду”.

У Голацку запрасілі на вячоркі. У мясцовым Доме культуры ў гэтым годзе адбыўся маштабны рамонт,  таму і абыгралі гісторыю пра тое, як гаспадыня запрасіла ў новую хату гасцей.

Прайшлі “Вячоркі” і ў Зазерскім сельскім Доме культуры. Тут акцэнт зрабілі на рабоце з  захавальнікамі народнай спадчыны.

Савецкую кінакласіку ўзялі за аснову  праграмы  ў Светлаборскім сельскім Доме культуры. Сваю пастаноўку там зрабілі па матывах фільма “Іван  Васільевіч мяняе прафесію”, дзе галоўным героем стаў усімі любімы Шурык. Пабываў  ён і ў мінулым, і ў будучыні. І вось у такім антуражы светлаборскія артысты змаглі прадставіць і сваё вакальнае мастацтва, і харэаграфічнае, і музычнае: паказалі, што ў  Светлым Бары і чачотку могуць біць, і на гармоніку іграць.

Сваё “Вёскабачанне” арганізвалі ў Навасёлках. У праграме прагучала шмат  жартаў і прыгожых песень.

“Свет памяці, свет сэрца, свет душы” —  так называлася сумесная праграма Габрыелеўскага і Шацкага сельскіх  Дамоў культуры.  Прысвечана яна была памяці   чалавека, якога добра ведалі і паважалі ў рэгіёне —  былога дырэктара Габрыелеўскага Дома культуры Уладзіміра Кухарчыка, які год таму раптоўна пайшоў з жыцця. На мерапрыемстве прысутнічалі родныя і сябры Уладзіміра Іванавіча. Арганізатары сабралі фотаздымкі,  відэаматэрыялы  пра яго  жыццё і працу.  Дзякуючы відэаархіву, удзельнікі мерапрыемства змаглі яшчэ раз пабываць на спектаклі “Чарнобыльская трагедыя”, што быў пастаўлены Уладзімірам Кухарчыкам у  Габрыелеўскім сельскім Доме культуры.

Пухавіцкі сельскі Дом культуры падрыхтаваў эстрадную праграму. Сваё майстэрства прадэманстравалі харэаграфічныя калектывы “Гарэзы” і “Рамонкі”, вакальная група “Пяшчота”.

На думку членаў журы, на высокім узроўні прэзентаваў сваю дзейнасць Праўдзінскі пасялковы Дом культуры. Яго праграма мела назву “Старыя песні аб галоўным”.  Яе стваральнікі знайшлі цікавыя рашэнні: кожны канцэртны нумар артыстаў-аматараў суправаджала відэа, на якім можна было пабачыць першых выканаўцаў твораў, што гучалі са сцэны.

—  Работнікі Дамоў культуры, артысты-аматары  па-сапраўднаму парадавалі, — агучыла свае ўражанні дырэктар раённага цэнтра культуры Аксана Жаромская. — Прыемна, што людзі займаюцца творча-сцю,  укладаюць у гэта душу. Хочацца, каб больш моладзі прыходзіла ў Дамы культуры.

На працягу года ўсе Дамы культуры стваралі відэафільмы аб сваёй рабоце. А 13 студзеня   работнікі  збяруцца на  мерапрыемства “Стары год збірае сяброў”, дзе будуць названы лепшыя Дамы культуры, паказаны лепшыя нумары, якія ўваходзілі ў праграмы, падрыхтаваныя да агляду.

Наталля   ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *