У сельгасфіліяле “Дрычын” ААТ “Мінскі малочны завод №1” завяршаецца сяўба.

дричин (копия)Сапраўдныя гаспадары  на палях падчас вясенняй пасяўной кампаніі — механізатары. Ад іх майстэрства і самаадданай  працы залежыць, наколькі якасна і ў тэрмін будзе закладзена аснова будучага ўраджаю.

У сельгасфіліяле “Дрычын” ААТ “Мінскі малочны завод №1” сяўбу з году ў год праводзіць вопытны механізатар Аляксей Шрэйдар.  У гэтым сезоне на яго рахунку ўжо больш за 380 засеяных гектараў.  Насенне яму аператыўна падвозіць Анатоль Сянько.

Побач з Аляксеем Адольфавічам працуе на сяўбе Уладзімір Шыманскі, для якога гэтая пасяўная кампанія стала дэбютнай.

— Пра нашых сейбітаў магу сказаць толькі самыя добрыя словы. З раніцы да вечара яны шчыруюць у полі, працуюць старанна і арганізавана,  — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Галіна Сіпач. —  Пад яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры сёлета  адведзена 770 гектараў.  У мінулым годзе яравы клін складаў 480 гектараў. Пасяўная плошча павялічылася за кошт палёў былой гаспадаркі адзялення Пухавічы  ААТ “Смалявічы Бройлер” , якія далучылі да нас.  Асноўныя плошчы традыцыйна прыходзяцца на пшаніцу (330 гектараў) і ячмень (360 гектараў).  Пад авёс адвялі 30 гектараў плошчы.

План яравой сяўбы ў сельгасарганізацыі выкананы больш чым на 80 працэнтаў. Дрычынскім земляробам  засталося дасеяць ячмень і зернебабовыя культуры.

Штогод сельгасфіліял набывае насенне эліты для сортаабнаўлення. Абавязковае патрабаванне да пасяўнога матэрыялу: усё насенне павінна быць пратручаным. Мясцовыя паляводы са сваёй задачай цалкам справіліся.  

Сяўба зараз вядзецца на тарфяніках. Гэта, як вядома, няпростыя землі.  Надвор’е таксама ўносіць свае карэктывы: мокры снег і кароткачасовыя дажджы не заўсёды дазваляюць выехаць на палеткі.

—Такое пераменлівае надвор’е чакаецца на працягу ўсяго тыдня. Гэта непадуладны нам фактар, які моцна ўплывае на ход работ і на будучы ўраджай, — працягвае галоўны аграном. — 300 гектараў азімага рапсу і 925 гектараў азімых збожжавых выдатна прайшлі выпрабаванне моцнымі маразамі. Спадзяемся, што расліны застануцца ў добрым стане і пасля вясенніх сюрпрызаў надвор’я.

 Вясенняя пасяўная кампанія ў гаспадарцы даўно распланавана. Наперадзе  ў дрычынскіх земляробаў — сяўба кукурузы, пад якую адведзена 600 гектараў. Акрамя гэтага, трэба пасеяць  382 гектары аднагадовых траў. Сто гектараў у гэтым годзе зоймуць цукровыя буракі.  У бліжэйшы час  аграрыі пачнуць закладваць шматкампанентныя пашы каля малочнатаварных фермаў “Новае Сяло” і “Сетча”.

А пакуль  на палетках працягваюцца іншыя віды работ. Уладзімір Забаўскі завяршае падрыхоўку глебы пад яравую сяўбу.  Сяргей Голуб уносіць мінеральныя ўдабрэнні. Аляксей Мянькоў і Аляксей Вальковіч уносяць арганіку пад кукурузу.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *