У цэнтральнай раённай бібліятэцы працуе выстава “Беларусь і Расія — яднанне даўжынёй у жыццё”

“Беларусь і Расія — яднанне даўжынёй у жыццё”. Так называецца выстава літаратуры, якая зараз працуе ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Назва красамоўная, бо, сапраўды, няма ў сучаснай Беларусі людзей, якія тым ці іншым чынам не былі б звязаны з Расіяй. Размова нават не аб тых, хто мае родных ці блізкіх сяброў у суседняй краіне, і не аб тым, што ўсе мы добра валодаем рускай мовай. Праваслаўных хрысціян, напрыклад, аб’ядноўвае вера, бо Беларуская праваслаўная царква — гэта кананічнае падраздзяленне Рускай Праваслаўнай царквы. Нямала беларусаў усур’ёз цікавяцца рускай культурай і нярэдка, расказваючы пра сваіх любімых пісьменнікаў, акцёраў, музыкантаў, называюць іх словам “нашы”. Гэта вельмі добра ведаюць у цэнтральнай раённай бібліятэцы і ўлічваюць пры планаванні работы.

DSCN1318 копия— У планах работы бібліятэкі  нямала  мера-прыемстваў, прысвечаных  жыццю і творчасці расійскіх дзеячоў культуры, агульным для нашых народаў гістарычным падзеям,  —  расказвае  загадчык  аддзела  абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Таццяна Александровіч (на здымку). — Акрамя ўжо названай выставы, менавіта зараз  на абанеменце аформлены стэнды праваслаўнай літаратуры пад агульнай назвай “З верай,  надзеяй,  любоўю”, дзе можна пабачыць кнігі, прысвечаныя жыццяпісу рускіх святых, якіх  у  Беларусі шануюць, праваслаўныя іконы.  У чытальнай зале працуе выстава, прысвечаная гарадам-пабрацімам Мар’інай Горкі, напрыклад,  падмаскоўнаму Дзмітраву, з якім наш горад  звязваюць даўнія добрыя адносіны. 

Апошняе паседжанне клуба “Чысты чацвер”, якое адбылося на гэтым тыдні, было прысвечана жыццю і творчасці вядомай расійскай спявачкі Клаўдзіі Шульжэнка.  Мерапрыемства мела назву “Каралева песні”, бо сапраўды для многіх людзей старэйшага ўзросту, якія ў асноўным наведваюць клуб, Клаўдзія Іванаўна была і застаецца самай яркай зоркай савецкай эстрады.

У красавіку плануем правесці   вечарыну-рэквіем “Чарнобыль: боль і памяць” да 30-годдзя аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Гэта наша агульная трагедыя. Таму і ўспамінаць аб ёй будуць  і ў Беларусі, і ў Расіі.  А  яшчэ —  абмяркоўваць яе ўрокі. У нашым раёне нямала парасяленцаў з месцаў, якія асабліва пацярпелі  ад  чарнобыльскай аварыі, ліквідатараў. Сярод іх не толькі беларусы, але і людзі іншых нацыянальнасцяў, у тым ліку і рускія. Вось разам і паразважаем над тым, навошта патрэбна зберагаць памяць аб такіх падзеях.

У маі мы адзначаем Дзень сям’і, які пазначаны ў календары беларускіх святаў, але ў ліпені  не забываем і пра дзень памяці святых Пятра і Феўроніі, якіх  расіяне вельмі шануюць і лічаць ахоўнікамі шлюбу. Таксама ў маі запланавана правесці вечарыну, прысвечаную 125-годдзю з дня нараджэння  знакамітага рускага пісьменніка Міхаіла Булгакава. “Майстар і Маргарыта”, “Сабачае сэрца”, “Белая гвардыя” ў спісе любімых кніг многіх жыхароў раёна. Таму і асаблівая  ўвага  юбілею гэтага геніяльнага пісьменніка.

У гэтым годзе разам з чытачамі  адзначым юбілей  яшчэ  аднаго генія рускай літаратуры: 195 гадоў з дня нараджэння  Фёдара Дастаеўскага.Будзе вечарына памяці  народнай расійскай артысткі Фаіны Ранеўскай.

Зразумела, што асноўная большасць мерапрыемстваў, якія можна пабачыць у планах бібліятэкі, звязаны з падзеямі гісторыі і культуры Беларусі. Але ў лёсе многіх беларускіх пісьменнікаў прасочваецца “расійскі след”. І без гэтага весці размову аб іх жыцці і творчасці проста немагчыма. Яркі прыклад — Максім Багдановіч, 125 гадоў з дня нараджэння якога будзе адзначацца  ў  снежні гэтага года. 

Запісала Наталля ПАРХОМЧЫК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *