Чествовали лучших тружеников района

Мінулы тыдзень для нашага раёна быў багаты на святочныя мерапрыемствы. У пятніцу Мар’іна Горка сустракала лаўрэатаў абласнога конкурсу “Чалавек года Міншчыны”, а ў суботу на сцэну гарадскога палаца культуры падняліся лепшыя працаўнікі нашага раёна. Па традыцыі ў сярэдзіне сакавіка праходзіць святочнае мерапрыемства, на якім падводзяцца вынікі работы народнай гаспадаркі раёна за мінулы год.

Вітаў удзельнікаў свята старшыня раённага выканаўчага камітэта Фёдар Пятровіч Караленя. Ен расказаў, што па выніках работы за мінулы год атрыманы нядрэнныя вынікі ва ўсіх галінах эканомікі раёна. Забяспечана выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльнаэканамічнага развіцця па экспарце тавараў, сальда знешняяга гандлю таварамі і паслугамі, рэнтабельнасці продажу ў арганізацыях сельскай гаспадаркі, энергазберажэнні, уводзе жылля, удзельнай вазе затрат на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў у агульным абёме інвестыцый.

За 2011 год у раёне выраблена прамысловай прадукцыі на суму звыш за 1,3 трыльёна рублёў. Найбольшыя аб’ёмы выпуску прадукцыі ў ААТ “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў”—26,6 %, ЗАТ “Август-Бел”—14,1%, СТАА “Марозпрадукт”—9,1%, ААТ “Завод горнага воску”—8,75%.

Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме склала 7,1%. Экспарт тавараў — 165,5 % да адпаведнага перыяду 2010 года пры прагнозным паказчыку 138,7%. Знешнегандлёвыя аперацыі ў раёне ажыццяўляюць 106 арганізацый з 66 краінамі свету.

У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна рэнтабельнасць продажу склала 13,2 % пры прагнозе 6-8%. Лепшых вынікаў работы ў сельскагаспадарчай галіне дасягнулі ААТ “Агра-абярэг” (па вытворчасці кармоў), СГФ “Чырвоны май” (па вытворчасці зерня).

У 2011 годзе на развіццё эканомікі раёна накіравана 3,6 трлн. рублёў інвестыцый у асноўны капітал, што ў 3 разы больш, чым у 2010 годзе. У эканоміку раёна прыцягнута 6,8 млн. долараў ЗША прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Гэта чацвёртае месца ў вобласці.

Наглядаецца станоўчая дынаміка ў павелічэнні ўдзельнай вагі паступленняў у бюджэт ад суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу. У 2010 годзе яна складала 35,5%, а ў 2011—45,2%. За два месяцы бягучага года гэтыя паступленні склалі больш за 50%. У конкурсе “Лепшы прадпрымальнік Мінскай вобласці” ў мінулым годзе прызнаны пераможцам і лаўрэатамі 4 арганізацыі нашага раёна. Гэта СТАА “Марозпрадукт”, Музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”,ТДА “ВаДи”,ТАА “БелИзолитСервис”.

Фёдар Пятровіч шчыра падзякаваў усім працаўнікам раёна і выказаў надзею, што і сёлета будуць дасягнуты высокія вынікі ў працы.

Павіншавалі пухаўчан са святам начальнік установы “Мінскае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь” В.А. Сцепаненка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.М. Дзікавіцкая.

Ганаровымі граматамі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта былі ўзнагароджаны дырэктар ААТ “Пухавіцкі доследна-эксперыментальны завод” А.У. Кончанка, трэнер Пухавіцкага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Вікторыя”Л.М. Юркевіч, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі “Блужская сярэдняя школа імя М. Чэпіка” Т.У. Болтышава.

Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама ўзнагароджаны аператар па дарошванні маладняку буйной рагатай жывёлы ПСУП “Дукора-агра” Г.А. Куніцкая, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчага філіяла ААТ “Мінскі маторны завод” “Светлая ніва” М.І. Гарбуз, галоўны бухгалтар ААТ “Агра-абярэг” М.М. Шайкова, галоўны эканаміст сельскагаспадарчага філіяла “Дрычын” КВУП “Гарадскі малочны завод №1” К.М. Сянько.

Старшыня Мінскага абласнога прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу А.Ю. Някрэвіч уручыў граматы Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК аператару машыннага даення эксперыментальнай базы “Зазер’е” І.М. Плашчынскай, загадчыцы малочнатаварнай фермы “Зазер’е” С.У. Лысакоўскай, старшыні прафсаюзнага камітэта Пухавіцкага ПВС В.М. Шваевай.

Удзел у святочным мерапрыемстве прынялі і нашы добрыя суседзі і сябры — кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёна горада Мінска А.В. Галь, старшыня Асіповіцкага раённага Савета дэпутатаў А.В. Пузік, дырэктар унітарнага прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва горада Старыя Дарогі” У.М. Сарагавец.

Прагучалі на свяце словы падзякі ў адрас прадпрыемстваў-інвестараў, якія ўносяць важкі ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны нашага раёна і перапрацоўчай прамысловасці. Гэта працоўны калектыў ВА ААТ “Мінскі маторны завод”, ААТ “Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка”, ВРУП “Мінскі завод аўтаматычных ліній імя П.М. Машэрава”, КВУП “Гарадскі малочны завод №1”, ААТ “Слуцкі сыраробчы камбінат”. Іх прадстаўнікі прыехалі на свята, каб павіншаваць працаўнікоў нашага раёна, і падаравалі на памяць каштоўныя падарункі.

Есць і на нашай пухавіцкай зямлі людзі, нераўнадушныя да жыцця раёна, праблем іншых людзей. З даўніх часоў іх называюць мецэнатамі. У гэты дзень былі запрошаны на сцэну дырэктар ЗАТ “Пухавіцкі аграпрадукт” І.У. Гумоўскі, дырэктар СТАА “Волшебный остров” А.Г. Ільючык, заснавальнік ААТ “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў” А.І. Трухановіч, дырэктар ААТ “БелИзолитСервис” С.В. Чыркоўскі, галоўны інжынер СТАА “Марозпрадукт” Я. А. Дарафяюк, галоўны спецыяліст па лагістыцыЗАТ “Август-Бел” С.М. Раманоўскі.

Адбылося ўзнагароджанне працаўнікоў, якія дабіліся лепшых вынікаў у развіцці земляробства і жывёлагадоўлі. Былі вызначаны лепшыя гаспадаркі. У розных намінацыях імі сталі СГФ “Чырвоны май” ААТ “Мінскі завод ігрыстых він”, ААТ “Агра-абярэг”,”Вецярэвічы”.

Дзесяткі працаўнікоў атрымалі ганаровыя граматы райвыканкама ў намінацыях “Лепшы галоўны спецыяліст сельскагаспадарчых прадпрыемстваў”, “Лепшыя работнікі арганізацый, якія абслугоўваюць АПК і перапрацоўваюць сельскагаспадарчую прадукцыю”.

Узнагароджаны таксама лепшыя прамысловыя прадпрыемствы раёна і працаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, працаўнікі сферы гандлю і паслуг.

Падведзены вынікі работы і сярод арганізацый сацыяльнай сферы. У гэты дзень на свяце віталі лепшых работнікаў адукацыі, культуры, медыцынскіх работнікаў, спартсменаў, ваеннаслужачых.

З хваляваннем падымаліся на сцэну старэйшыны вёсак, гаспадары лепшых падворкаў, лепшыя малаказдатчыкі і малаказборшчыкі.

На працягу некалькіх гадзін у зале не змаўкалі апладысменты. Не стамляўся гаварыць добрыя словы, уручаючы ўзнагароды, старшыня раённага выканаўчага камітэта Фёдар Пятровіч Караленя. І адчувалася, што ідуць яны ад сэрца. Усяго ўзнагароджаны былі на свяце больш за 120 чалавек.

Няма сумненняў у тым, што іх магло быць і нашмат больш. Бо кожны год на раённым свяце-ушанаванні лепшых працаўнікоў раёна стаяць на сцэне ў сваёй большасці новыя людзі.

Цудоўную канцэртную праграму падрыхтавалі для ўдзельнікаў свята самадзейныя артысты нашага раёна. А песня “Мар’іна Горка” ў выкананні вакальнай групы “Клас” Мар’інагорскай СШ № 2 настолькі кранула сэрцы, што людзі слухалі яе стоячы.

У фае палаца культуры была разгорнута выстава, на якой прадставілі сваю прадукцыю ААТ “Машхарчпрад”, “Завод горнага воску”, “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў”, “Слуцкі сыраробчы камбінат”, Пухавіцкі харчкамбінат. Шматлюдна было каля выставы СТАА “Марозпрадукт”. У гэты дзень тут усіх частавалі бясплатна і раздалі каля тысячы салодкіх ласункаў розных найменняў.

Смачную і разнастайную прадукцыю прапаноўвалі ТП ТАА “Пуховичиторг” і СТАА “Пухавічымясапрадукт”. Яе можна было не толькі пакаштаваць, але і набыць. Парадавалі таксама разнастайнай прадукцыяй і работнікі раённага спажывецкага таварыства. Зацікавілі ўдзельнікаў мерапрыемства і выставы ТАА “Ліцейны двор”, раённага камбіната бытавога абслугоўвання, а таксама прадпрыемстваў “Волшебный остров”, “Каджия”.

Вольга САВАСЦЮК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *