ААТ “Машхарчпрад” завяршае пасадку бульбы для сваёй вытворчасці.
“Другі хлеб” прадпрыемства вырошчвае на 600 гектарах. Ранняя вясна дазволіла механізатарам пачаць працу раней, чым у мінулым годзе, аднак працяглыя красавіцкія дажджы ўнеслі значныя карэктывы ў земляробчыя планы.
— Надвор’е на працягу двух тыдняў не дазваляла нам праводзіць палявыя работы, — гаворыць першы намеснік дырэктара Дзмітрый Лімараў. — Ападкі ў сярэдзіне красавіка сур’езна паў-плывалі на тэмпы работы. Мы не маглі праводзіць пасадку бульбы, таму што на палях было вельмі вільготна. Днямі прыйшлося па-новаму апрацоўваць глебу, гэта пацягнула за сабой лішнія выдаткі.
На адведзеных гектарах прад-прыемства садзіць не толькі гатункі айчыннай селекцыі (“брыз” і “журавінка”), але і галандскі “сантэ”, і нямецкі “джэлі”. У гэтым годзе ўпершыню пасадзілі нямецкі гатунак “каралева Ганна”, які славіцца высокай ураджайна-сцю і ўстойлівасцю да многіх раслінных захворванняў. Таксама ў Польшчы закупілі чыпсавая гатункі бульбы для вытворчасці спецыялізаванай лінейкі чыпсаў “Міра”.
Дружнай камандай на палетках шчыруюць усе земляробы ААТ “Машхарчпрад”. На трактарах з бульбасаджалкамі працуюць вопытныя механізатары Уладзімір Грышук, Віктар Емяльяненка і Мікалай Данчанка. Ім дапамагаюць памочнікі Андрэй Вярэніч, Аляксандр Радкевіч і Вадзім Вярэніч. Насенную бульбу з бульбасховішча ў Дукоры прывозяць вадзіцелі Аляксей Максімовіч, Леанід Арэшчанка і Аляксей Лабода. На ўнясенні мінеральных удабрэнняў ужо пяць гадоў задзейнічаны Міхаіл Грышук. На падрыхтоўцы глебы працуюць Юрый Валовік і Віктар Аксенцій, на культывацыі — Валянцін Радкевіч. Андрэй Лукашонак займаецца фарміраваннем грэбняў.
— Мы стараемся сканцэнтраваць усю тэхніку на адным полі: такі падыход дазваляе працаваць аператыўна і максімальна якасна, — працягвае Дзмітрый Лімараў. — Дробныя паломкі тэхнікі, ад якіх, на жаль, ніхто не застрахаваны, хутка выпраўляем.
— Я праводжу свой чацвёрты сельскагаспадарчы сезон. З Аляксандрам Радкевічам мінулым летам на ўборцы бульбы таксама працавалі ў адным экіпажы. Ён добра спраўляецца са сваімі абавязкамі, — расказвае Уладзімір Грышук. — У полі мы працуем з 7 гадзін раніцы і да вечара. Сюды нам прывозяць абеды і падвячоркі.
Абавязковы агратэхнічны прыём, які выконваюць спецыялісты прадпрыемства, — севазварот. Сёлета бульбу садзяць каля вёскі Скобраўка. Наступны раз “другі хлеб” на гэтым полі зноў будуць садзіць толькі праз чатыры гады.
Земляробы спадзяюцца, што надвор’е будзе спрыяць добраму ўраджаю.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.