ААТ “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў” гатовы прыняць ураджай.

Работу абсталявання элеватара кантралююць майстры Генадзь Дрокін, Яўген Фіневіч, аператар кіравання Галіна Радзюк.

Работу абсталявання элеватара кантралююць майстры Генадзь Дрокін, Яўген Фіневіч, аператар кіравання Галіна Радзюк.

Жыхары Мар’інай Горкі заўсёды бачаць, калі ў раёне пачынаецца ўборка зерневых, бо на дарозе да элеватара з’яўляецца чарга грузавых машын, кузавы якіх запоўнены збожжам новага ўраджаю. Хутка гэты хвалюючы малюнак жніва можна будзе пабачыць і днём, і ноччу.

А сёння на тэрыторыі элеватара незвычайна ціха і амаль не бачна людзей. Чаму такое зацішша перад адказным і вельмі напружаным для прадпрыемства перыядам работы? На гэтае пытанне адказвае галоўны інжынер ААТ “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў” Аляксандр Шывякоў:

—  Элеватар поўнасцю падрыхтаваны да прыёмкі новага ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. Усе асноўныя падрыхтоўчыя работы былі зроблены загадзя, а таму многіх работнікаў, якія будуць задзейнічаны на прыёмцы зерня, адпусцілі ў адпачынак. Вернуцца яны, як толькі жніво будзе пачынацца. Зараз на элеватары застаецца неабходны мінімум абслугоўваючага персаналу.

Сёлета аб’ём работы па прыёмцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур чакаецца вялікі, бо ёмістасці элеватара, разлічанага на захоўванне 100 тысяч тон зерня, амаль пустыя, што абумоўлена ўзросшым попытам на зерне. У мінулым годзе, напрыклад, прыёмка новага ўраджаю пачыналася, калі на элеватары заставалася яшчэ каля 60 тысяч тон зерня папярэдняга ўраджаю.

Тэхнік -лабарант зерневай лабараторыі Таццяна Гурыновіч.

Тэхнік -лабарант зерневай лабараторыі Таццяна Гурыновіч.

Каб прыёмка зерня сёлета прайшла без збояў і затрымак, усе неабходныя рамонтныя і падрыхтоўчыя работы былі зроблены своечасова: пачышчаны ёмістасці, праверана сістэма тэрмаметрыі, прыведзены ў поўную гатоўнасць усе аўтамабільныя і чыгуначныя кропкі прыёмкі зерня, вагавае і іншае абсталяванне элеватара. Сушыльная гаспадарка — дзве зерневыя сушылкі С-30, якія здольныя апрацоўваць па 30 тон зерня ў гадзіну, а таксама сушылка РД-2х25 з прапускной магутнасцю 40 тон у гадзіну — таксама падрыхтаваны да работы.

Гатова выконваць свае функцыі і зерневая лабараторыя, якая павінна хутка і дакладна правяраць зерне на вільготнасць, засмечанасць і іншыя параметры якасці. Усе прыборы лабараторыі прайшлі паверку.

Першым прымаць зерне новага ўраджаю пачне наш хлебапрыёмны пункт, які   знаходзіцца ў Мар’інай Горцы. Ён прызначаны да прыёмкі рапсу. Яго ўборка павінна пачацца ўжо ў бліжэйшыя дні. Тут маецца сушылка, здольная апрацоўваць 26 тон зерня ў гадзіну, падрыхтаваны сховішчы напольнага захоўвання. ААТ Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў” заключыла дагаворы з гаспадаркамі на прыёмку 10 тысяч тон рапсу. Плануецца столькі ж прыняць яго і для ўласных патрэб нашага прадпрыемства з мэтай выкарыстання прадуктаў пераапрацоўкі рапсу на вытворчасці камбікармоў.

Заключаны таксама дагаворы з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія аказваюць транспартныя паслугі велікагрузнымі аўтамабілямі, на дастаўку зерня з гаспадарак на элеватар. Вазіць зерне будзем і сваім транспартам, для гэтага маецца шэсць МАЗаў з паўпрычэпамі.

Што датычыць персаналу, які будзе забяспечваць кругласутачную прыёмку зерня на элеватары і хлебапрыёмным пункце, то набіраць сезонных рабочых мы сёлета не будзем за выключэннем некаторых спецыяльнасцей. Разлічваем усю гэтую работу выканаць сваімі сіламі, для чаго на яе будуць часова пераведзены некаторыя работнікі з іншых падраздзяленняў і службаў камбіната.

Запісаў Андрэй  МАЗАНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *