Адрасы і кіламетры Ірыны Доўнар.

IMG_5666Каля 500 адрасоў і каля 10 кіламетраў на дзень даводзіцца пераадольваць  Ірыне Доўнар, паштальёну Рудзенскага аддзялення сувязі (на здымку).

— Я працую паштальёнам ужо пяць гадоў,  — кажа Ірына. —  І  люблю тую справу, якой займаюся, бо яна патрэбна людзям. Некаторыя чакаюць не проста газеты, паштоўкі  — яны чакаюць чалавека, які прыйдзе ў дом і пагаворыць.

Ірына Доўнар абслугоўвае пасёлак Рудзенск. А яе калегі  Валянціна Чыкунова, Зоя Чаржова, Валянціна Гуз і Яніна Ананіч — навакольныя вёскі. Пераадольваюць яшчэ большыя адлегласці, аднак не скардзяцца, бо таксама разумеюць, што іх чакаюць людзі.

У гэтыя пераднавагоднія дні паштальёны традыцыйна дапамагаюць жыхарам Пухавіччыны афармляць падпіску на  часопісы і газеты.

— Людзі, якія прывыклі да друкаванага слова, ніколі не забываюць падпісацца, — кажа Ірына. — У ліку папулярных выданняў у жыхароў пасёлка, вядома ж, раённая газета. Без яе, кажуць, не цікава, бо дзе яшчэ можна прачытаць навіны раёна? На старонках якіх выданняў знойдзеш знаёмыя прозвішчы ці фотаздымкі?  Я сама заўсёды гартаю старонкі нашай газеты, каб было што расказаць людзям.

Ірына Доўнар, па словах загадчыцы Рудзенскага аддзялення паштовай сувязі  Наталлі Сіпач, адна з тых, каму ўдзячныя жыхары неаднаразова пісалі падзякі за працу.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *