Ад жоўтых кветак да алею…
У палітры майскіх фарбаў прыроды жоўтыя рапсавыя палі, безумоўна, займалі асаблівае месца. Але іх пара цвіцення даўно прайшла. Наступіў час уборкі гэтай алейнай культуры. Абмалочванне рапсу — надзённае пытанне для сельгасарганізацый раёна.
Камбайны ААТ “Племянны завод “Індустрыя” выехалі на палеткі яшчэ 8 ліпеня. Карэктывы ў работу ўносіць надвор’е. Таму земляробы стараюцца эфектыўна выкарыстоўваць час.
У гаспадарцы пад алейную культуру адведзена 226 гектараў. Зараз камбайны працуюць на полі за майстэрнямі, плошча якога 150 гектараў. Спадзяюцца на добры намалот і высокую ўраджайнасць — 25 цэнтнераў з гектара.
— Для гэтага года такі паказчык ураджайнасці можна будзе лічыць добрым вынікам, — гаворыць аграном-аграхімік Сяргей Сянько. — Восень была засушлівай, расліна дрэнна ўзыходзіла. Аднак на гэтым вялікім полі мы зрабілі ўсё магчымае, каб атрымаць высокі ўраджай. Вясной правялі хімпраполку, унеслі азотныя ўдабрэнні.
Пакуль нам шанцуе з надвор’ем. У некаторых гаспадарках вобласці рапсу ўвогуле няма: яго знішчыў ураган, які нечакана прыйшоў у Беларусь у сераду. Нас такая бяда мінула. Таму часу мы не губляем: кожны пагодлівы дзень на рахунку.
Абмалочванне рапсу — складаны працэс, нават зерневыя культуры ўбіраць прасцей. Аднак старшы камбайнер Руслан Каралько кажа, што яму наадварот больш падабаецца працаваць з гэтай алейнай культурай. Руслан Аляксандравіч — вопытны камбайнер. Рапс убірае ўжо дванаццаты год. Яго экіпаж пастаянна быў у ліку перадавікоў, і на гэтую ўборачную кампанію ў яго сур’ёзныя задачы.
Павел Бакіноўскі таксама ўбірае рапс. Яго камбайн КЗС-1218 “Палессе GS12” абсталяваны спецыяльнай прыстаўкай, так званым “рапсавым сталом”. Гэтае прыстасаванне забяспечвае якасную працу камбайна з найменшымі стратамі. Хуткасць уборкі — не больш за 5 кіламетраў у гадзіну, каб пазбегнуць страт. У спякотныя дні камбайны выязджаюць на палі з самай раніцы і працуюць да 10 гадзін, а пасля вымушанага перапынку працягваюць працу з 18 гадзін да позняй ночы.
— Пра гэтых камбайнераў магу сказаць толькі самыя добрыя словы. Яны стараюцца, убіраюць якасна, — працягвае Сяргей Мікалаевіч. — Таксама варта адзначыць Аляксандра Каралько, Мікалая Пашкова, Анатоля Бязроднага, вадзіцеля Юрыя Войніча. Усе яны — адна зладжаная каманда. Плануем за 3-4 дні ўбраць увесь рапс. Тэх-ніка дазваляе гэта зрабіць, і нашы камбайнеры гатовы працаваць. Спадзяемся, што надвор’е будзе спрыяць нам і ўсім астатнім хлебаробам.
Ураджай з палёў ААТ “Племянны завод “Індустрыя” будуць здаваць на алей на ААТ “Рапс” і ААТ “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў”.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.