Акцыя “Наш жывёлавод” падтрымлівае працаўнікоў.
З непрыхаваным сумам некаторыя работнікі ААТ “Суцінскі” ўспамінаюць час, калі іх гаспадарка была ў ліку лепшых у раёне. Сёння сельгасарганізацыя ў іншым становішчы: тут не хапае спецыялістаў, зусім нізкія вытворчыя паказчыкі.
Для прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод” колькасць літраў надоенага малака і атрыманых прываг не мае першаснага значэння. Мэта акцыі — наведаць работнікаў кожнай фермы, падтрымаць іх і падзякаваць за працу. На гэтым тыдні калектывы ферм гаспадаркі шчыра віталі старшыню райкама прафсаюза работнікаў АПК Людмілу Ленкавец.
Людміла Васільеўна як заўсёды прыехала да жывёлаводаў з падарункамі. Спачатку — шчырыя словы падзякі за працу, пасля — прыемная цырымонія ўзнагароджання. Да акцыі далучыўся прафсаюзны камітэт гаспадаркі, які ўзначальвае Ніна Скавыш.
На малочнатаварнай ферме “Суцін” прафсаюзныя лідары павіншавалі тэхніка-асемянатара Іну Каліновіч, жывёлавода Вольгу Васільеву, слесара Уладзіміра Цуранава. Падарунак замест аператара машыннага даення Наталлі Дубатоўкі атрымаў яе муж Аляксей Качура, які працуе на гэтай жа ферме падменным жывёлаводам.
— Вельмі прыемна, што ўдзялілі ўвагу і нам. Гэта мая другая ўзнагарода ў рамках акцыі “Наш жывёлавод”, — расказвае Іна Каліновіч. — У гаспадарцы я працую з 1987 года. Спачатку была брыгадзірам на паляводстве, пасля перайшла ў жывёлагадоўлю. Апошнія адзінаццаць гадоў працую асемянатарам. Праца ў нас нялёгкая. Асабліва, калі жывёла хварэе. Дзякуй работнікам раённай племянной станцыі, якія часта аказваюць практычную дапамогу.
На другой малочнатаварнай ферме гаспадаркі — “Цэнтр”— падарункі атрымалі аператар машыннага даення Ірына Палушкіна і жывёлавод Юрый Кадзееў.
— У рамках акцыі “Наш жывёлавод” мы дазволілі зрабіць некаторае выключэнне і павіншаваць таксама за плённую працу загадчыка зернесушыльнага комплексу Магамета Гянджаева. Ён працуе тут больш за 10 гадоў і практычна без памочнікаў, — расказала старшыня прафкама гаспадаркі Ніна Скавыш.
Удзельнікам акцыі стаў таксама трактарыст-машыніст Васіль Варывончык. Васіль Анатольевіч прыйшоў у гаспадарку ў 2003 годзе. Апошнія сем гадоў задзейнічаны на раздачы кармоў. Важнасць сваёй працы разумее і, нягледзячы на ўсе цяжкасці, як і іншыя работнікі, зранку спяшаецца на фермы.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.