Алена Харэцкая стварыла школьную бізнес-кампанію “Швейны свет”.

1Прышыць гузік і пашыць сукенку без усялякіх праблем маглі,  па успамінах настаўніцы працоўнага навучання Ананіцкага вучэбна-педагагічнага комплекса  дзіцячы сад-сярэдняя школа Алены Харэцкай,  яе вучаніцы.

— Тады ў школах існавала профільнае працоўнае навучанне, і дзяўчаты пяць-шэсць гадзін на тыдзень асвойвалі  на ўроках азы швейнай справы, — гаворыць Алена Пятроўна. — Гэтага было дастаткова для таго, каб вучаніцы і кроіць навучыліся, і шыць даволі складаныя рэчы. Мае выпускніцы, напрыклад, самастойна пашылі сабе выпускныя сукенкі. Цяпер жа за гадзіну даць такую практыку вучням немагчыма. Аднак вельмі хацелася б, каб дзяўчаты ўмелі трохі больш, чым прышыць гузік.

Сама Алена Пятроўна — майстар на ўсе рукі. І вязаць, і прафесійна шыць, і з бісерам працаваць можа. І вучыць гэтаму  дзяцей.2

—  Некалькі гадоў таму надумалася я паўдзельнічаць у конкурсе праектаў, каб атрымаць грант і абсталяваць па сучасных патрабаваннях клас у школе, — расказвае Алена Пятроўна. — Стварылі тады школьную бізнес-кампанію “Швейны свет” і прадставілі яе ідэі. Выйграць грант не атрымалася, а праект застаўся.

Сутнасць работы маленькай школьнай швейнай арцелі не толькі ў тым, што дзеці шыюць і атрымліваюць адпаведныя навыкі, але і ў тым, што вучацца працай зарабляць  грошы.

Дзяўчынкі (зараз у кампаніі працуюць  Вольга Канаш, Настасся Мазоўка, Юлія Катэнка)  на працягу года вырабляюць сувеніры, шыюць сурвэткі, прыхваткі на кухню. Усё гэта разыходзіцца на кірмашах, у якасці падарункаў на розныя святы гасцям школы, ветэранам працы.

Дапамагаюць школьніцы сваёй настаўніцы шыць і больш складаныя рэчы. Напрыклад, тэатральныя касцюмы, шторы для актавай залы, пасцельную бялізну для  дзіцячага сада.

Гэта ўсё адбываецца на працягу навучальнага года. А ўлетку  ў школе наступае сапраўдны час бізнесу. Ужо пяць гадоў кампанія “Швейны свет” працуе з цэнтрам занятасці насельніцтва, які выдзяляе пад праект сродкі для набыцця тканіны і на зарплату работнікам. Некалькі дзён на канікулах дзеці працуюць як у сапраўднай кампаніі.

— Мы шыем на заказ бялізну і атрымліваем грошы, — расказвае Алена Пятроўна. —  Дзецям падабаецца адчуваць сябе дарослымі. Практыка на карысць ідзе. Так  што справа гэта добрая.

У гэтым годзе настаўніца плануе зрабіць пэўны крок наперад, для таго, каб перыяд рэальнай працы быў не такім абмежаваным.

— Мы б хацелі мець магчымасць працаваць на працягу года, мець заказы і атрымліваць даход ад сваёй работы, — расказвае Алена Пятроўна. — Таму ў перспектыве — напісанне бізнес-плана і распрацоўка умоў далейшай  дзейнасці. Калектыў цяперашняй нашай кампаніі выпускаецца ў наступным годзе са школы, але падрастае змена, якая таксама захоча навучыцца большаму, чым простыя швейныя аперацыі. Любой дзяўчынцы такія навыкі ў жыцці лішнімі не стануць.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *