Выхаванцы секцыі па спартыўным скалалазанні пацвердзілі свой высокі ўзровень прафесійнага майстэрства.

IMG_0629 (копия)На першынстве Рэспублікі Беларусь, якое  прайшло  ў   Мінску   на  адкрытым  10-метровым скаладроме,  пухаўчане  занялі   трэцяе  агульнакаманднае  месца. 

На спаборніцтвах.

Спаборніцтвы праходзілі ў дзвюх дысцыплінах: цяжкасць і хуткасць.  У складзе нашай каманды было шэсць чалавек, усе маюць  спартыўныя разрады. У лазанні на цяжкасць усе пухаўчане прайшлі ў фінал.

— У фінале дзецям давялося лазіць з ніжняй страхоўкай. Для Лізаветы Захаравай і   Максіма Гамана  гэта быў першы вопыт такога лазання менавіта на спаборніцтвах.  Аднак яны справіліся і выканалі трэці дарослы разрад, — расказвае трэнер Вольга Рак. — Наша 9-гадовая Ліза была самай малодшай удзельніцай, аднак гэта не перашкодзіла ёй заняць трэцяе месца.

У гэтай жа дысцыпліне ў розных узроставых  катэгорыях на п’едэстал падымаліся  іншыя нашы землякі: Мікіта Сасноўскі  заняў першае месца, Кацярына Ганчарэвіч —  другое,  Павел  Сацута і Павел Астапчык  сталі трэцімі.

У лазанні на хуткасць сярод пухаўчан за ўзнагародай выходзіла толькі  Кацярына Ганчарэвіч — у яе медаль за трэцяе месца.

— У агульнакамандным заліку нас апярэдзілі толькі  каманды з Гомеля і Мінска. У іх больш магчымасцяў для  трэніровак, — працягвае трэнер. — Спадзяюся, хутка і ў нас будзе пабудаваны высокі скаладром, на якім мы зможам трэніраваць хуткасць. У іншых аспектах  мы  не  саступаем  супернікам і  можам дастойна прадстаўляць Пухавіччыну не толькі на рэспубліканскіх, але і на міжнародных стартах.IMG_0343

 

І ў падарожжы.

Выхаванцы секцыі па  спартыўным  скалалазанні  не толькі добрыя спартсмены, але і выдатныя турысты. Калекцыю іх  узнагарод папоўнілі кубкі абласнога конкурсу “Пазнай Радзіму — выхавай сябе” па выніках 2016 года. У нашых вандроўцаў два кубкі за першае месца і адзін за другое.

Пухавіччане другі год запар становяцца  лепшымі на  абласным конкурсе. Утрымліваць высока ўзнятую планку яны матываваны і сёлета.

Нядаўна скалалазы адкрылі сезон падарожжаў. Разам з трэнерам  каманда з 14 чалавек  накіравалася ў пешы паход першай ступені складанасці па Пухавіцкім раёне. Працягласць маршруту — 30 кіламетраў.  Ён пралягае праз Мар’іну Горку —  аграгарадок Блонь — вёскі Маркаўчызна  і  Беразянка,  аграгарадок  Блужа. Для сямігадовага  Аляксандра Жаўняка гэта дэбютны  паход  разам з камандай.

Падчас такіх вандровак спартсмены не толькі далучаюцца да здаровага ладу жыцця, але і знаёмяцца з культурнай і гістарычнай   спадчынай  Беларусі.  Наступнае  падарожжа  яны  здзейсняць па Брэсцкай вобласці.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *