Галоўнае — не быць раўнадушным

З Ірынай Шашковай мы не раз, напэўна, сустракаліся ў горадзе, бо жывём у адным мікрараёне і ходзім па адных дарогах. Аднак пазнаёміліся   зусім  нядаўна.  На  малочнатаварны комплекс “Новае Сяло” сельгасфіліяла “Дрычын” я прыехала ўвечары. На месцы былі ўсе працаўнікі комплексу: ішла раздача кармоў, даенне кароў. У цялятніку на мяккай саломе тапталіся  пярэстыя цяляткі, даверліва паглядаючы на людзей. У некаторых хатках іх было па двое.

— Маленькім не цесна, — растлумачыла  заатэхнік-селекцыянер  Алена  Няборская. — Доўга яны разам не бываюць. Наша Ірына Іванаўна клапоціцца пра іх  добра. Прывесы ў кастрычніку склалі па 811 грамаў у суткі. Цяляткі  падрастаюць, і  іх перадаюць у другую групу.

img_4801-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%8fІрына Іванаўна якраз была ў загончыку, дзе знаходзілася двое цялятак. Адно ўжо было ў сваёй хатцы, а другое з вялікай бутэлькі з соскай смактала свежае малако.

— Тут у мяне двайняты, — усміхнулася жанчына.  — Іх разлучаць нельга. Гэта ўсё  мая гаспадарка, — паказала рукой. — У сярэднім у месяц утрымліваецца 80 цялят. Сёлета ўжо чацвёртыя двайняты нарадзіліся. З імі клопатаў, канешне, больш,  але ж як радасна, калі яны  падрастаюць і  не адстаюць ад іншых. Я ўжо і не ўяўляю сябе на іншай рабоце.

Ірына Іванаўна  вырасла ў горадзе. Гаспадаркі ў бацькоў не было, таму нельга сказаць, што прывыкла да такой працы  з дзяцінства. 20 гадоў працавала ў цэнтральнай раённай бальніцы, займалася пытаннямі забеспячэння.

— У жывёлагадоўлю прывяла мяне дачка, — усміхаецца жанчына. — Закончыла школу, і ёй  прапанавалі некаторы час папрацаваць  у ААТ  “Смалявічы Бройлер” вытворчы ўчастак “Пухавічы”. Зразумела, што работа была нялёгкая, і я хадзіла  ёй дапамагаць.  Напачатку для мяне гэта была экзотыка, а калі ўнікла  ў  работу  па-сапраднаму, зразумела, што гэта маё. Пасля таго, як  філіял расфарміравалі,  — перайшла сюды.  Мне падабаецца, калектыў і работу я сваю люблю.

І гэта былі не проста высокія словы. Мы  доўга гаварылі, і адчувалася, што работа гэта — сапраўды  частка яе жыцця. Жыве Ірына Шашкова ў горадзе, а ў Дрычын   ездзіць   штодня  на машыне. Спецыяліст  па  вырабе  мясных  паўфабрыкатаў, яна ніколі не працавала па гэтай спецыяльнасці.  Наадварот, клапоціцца пра  жывёлу, і  пра цялят ведае ўсё. Хаця калі прыйшла на работу, не магла адрозніць сена ад саломы.  Чытала розную літаратуру, глядзела ў інтэрнэце, як трэба даглядаць і лячыць  цялятак, бо вельмі шкадавала маленькіх, хацела, каб усе яны жылі.Ірына Іванаўна чатыры гады працуе ў жывёлагадоўлі.  Аднак ужо можа падзяліцца вопытам работы з іншымі. Ды і не заўсёды  галоўнае вопыт — хутчэй, адносіны да справы. З раніцы  яна робіць абход кожнай хаткі, глядзіць, як адчуваюць сябе цяляткі. Калі якое прыхварэла, засумавала, ставіць на хатцы адмеціну: тут трэба  больш удзяляць увагі. У гаспадарцы няма праблем з кармамі, ёсць  усе неабходныя медыкаменты. Галоўнае — не быць раўнадушным. А гэта не пра яе. Ірыну Іванаўну паважаюць у калектыве, адзначаюць яе старанную працу. Прапаноўвалі паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову. Кажуць, яна была б добрым ветурачом.

— Ну, які з мяне студэнт, — усміхаецца жанчына. — Вунь дзеці няхай вучацца. Дачка — будучы эканаміст, сын  выбраў прафесію агранома. 

А пасля, падумаўшы, дадае:

— Я, можа б, і вучылася, мне цікава, ды на каго я цялятак сваіх  пакіну…

Вольга  САВАСЦЮК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *