Гаспадаркі раёна актыўна ўбіраюць кукурузу на зерне.

 

Зялёныя ўсходы азімых культур на палетках раёна чаргуюцца з  участкамі кукурузы. Такі кантраст — з’ява часовая, бо гаспадаркі актыўна ўбіраюць “каралеву палёў” на зерне. З мінулага тыдня камбайны можна было ўбачыць на палях ААТ “Племянны завод “Індустрыя”, “Голацк”,  “Зазерка”,  “Шацк”, СУП “Дукора-Агра”, ПСУ “Рудзенскае”, сельгасфіліяла “Дрычын”.

У сераду папаўняць свае засекі зернем кукурузы пачалі земляробы ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”.

Механізатар Андрэй Блахін.

Механізатар Андрэй Блахін.

На зерне пакінулі 60 гектараў злакавай культуры. Убіраць яе дапамагае камбайн з суседняй сельгас-арганізацыі ААТ “Племянны завод “Індустрыя”. Механізатар гэтай гаспадаркі Андрэй Блахін на сваім камбайне “Мега-350” працаваў на жніве, затым убіраў кукурузу на добра знаёмых палетках, цяпер накіраваны на дапамогу суседзям. Такая ўзаемадапамога апошнія гады практыкуецца ў раёне даволі часта.

— Сярэдняя ўраджайнасць пакуль складае 80 цэнтнераў з гектара, — адзначае галоўны аграном Дзяніс Адзярыха. — Вільготнасць — 38 працэнтаў, таму дапрацоўваем зерне да паказчыку вільготнасці 14 працэнтаў на сваім зернесушыльным комлексе. Наш  ЗСК, дарэчы, днямі сушыў зерне кукурузы для ААТ “Шацк” і ААТ “Племянны завод “Індустрыя”.

Вадзіцель Дзяніс Гіргель.

Вадзіцель Дзяніс Гіргель.

На адвозцы зерня задзейнічаны малады вадзіцель Дзяніс Гіргель. У ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” ён працуе з мая. Хлопец  адвозіць намалочанае кукурузнае зерне на зернесушыльны комплекс.

У бліжэйшы час да Андрэя Блахіна далучыцца яшчэ адзін камбайнер з ААТ “Шацк”. Павялічыцца і колькасць тэхнікі для адвозкі. Такой пашыранай камандай завяршыць уборку земляробы разлічваюць удвая хутчэй, бо надвор’е ў любы момант можа ўмяшацца ў іх планы.

З набліжэннем лістапада колькасць земляробчых клопатаў у гаспадарцы паступова памяншаецца.  Уборку “каралевы палёў” на сілас завяршылі. Сёлета нарыхтавалі 8710 тон сіласу. Зімаваць гаспадарка будзе з важкім запасам сакавітых кармоў.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *