Гаспадаркі раёна рыхтуюць глебу да новага ўраджаю.

З набліжэннем зімы  работы на палях раёна паступова становіцца менш. Цяпер адна з першачарговых задач — узняцце зябліва. Гэты тэхналагічны прыём дазваляе аграрыям дабівацца павышэння ўраджайнасці культур, якія будуць пасеяны на ўзараных з восені плошчах. Улічваючы ўсе плюсы восеньскай апрацоўкі глебы, аграрыі раёна стараюцца зараз заараць як мага больш зямлі.

Восеньскае ворыва гэтымі днямі вядуць усе гаспадаркі раёна. Лідзіруе на гэтым відзе работ СУП “Дукора-Агра”.

Уладзімір Давыдзенка.

Уладзімір Давыдзенка.

Дукорскім земляробам згодна з планам трэба ўзараць 1460 гектараў. На 1260 гектарах трактары з плугамі ўжо папрацавалі. Ворыва — асноўны від работ, таму з астатнімі ўчасткамі  плануюць справіцца хутка.

На ўзняцці зябліва задзейнічаны вопытныя механізатары Юрый Шлык, Андрэй Сачак і Уладзімір Давыдзенка. Яны сваю справу ведаюць і выконваюць яе на выдатна. Гэтыя земляробы неаднаразова ўваходзілі ў спіс лідараў у раёне. Уладзімір Давы-дзенка стаў лепшым у раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на вясенне-палявых  работах: ён вылучыўся на падрыхтоўцы глебы. Андрэй Сачак — лідар на сяўбе. Юрый Шлык тры гады працуе ў гаспадарцы, і за гэты час зарэкамендаваў сябе як добры араты. У  скарбонцы дасягненняў  Юрыя Іванавіча таксама ёсць узнагароды раённага ўзроўню.

—  Людзі працуюць старанна, тэхніка не падводзіць, таму і атрымліваем добрыя вынікі, — адзначае галоўны аграном Сяргей Ракуцька. — Нашы земляробы спраўляюцца з даведзенымі заданнямі і стараюцца штодзень заараць звыш нормы. Адзінае, што перашкаджае  — гэта надвор’е. Пасля дажджоў часта тэхніка не можа праехаць па палях. Гэты фактар стрымлівае тэмпы работы, аднак у бліжэйшы час спадзяёмся завяршыць ворыва.

З планам па ўзняцці зябліва СУП “Дукора-Агра” справілася на 86 працэнтаў. Да заканчэння восеньскага ворыва набліжаюцца таксама ПСУ “Рудзенскае”, адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Агра-Абярэг”, “Голацк”, “Вецярэвічы”, “Племянны завод “Індустрыя”, “Зазерка”, сельгасфіліял “Чырвоны Май”.

Разам з трактарамі штодзень мехдвор гаспадаркі пакідаюць камбайны,  якія задзейнічаны на ўборцы кукурузы на зерне. Ужо  намалочана 386 тон. Іншыя дукорскія земляробы займаюцца вапнаваннем кіслай глебы, унясеннем калійных і фосфарных удабрэнняў. Агульныя намаганні  працаўнікоў гаспадаркі накіраваны на атрыманне добрага ўраджаю ў  будучым годзе.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *