Для навучэнцаў Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў год пачаўся з перамог

Год культуры пачаўся з прыемных навін — навучэнцы Мар’інагорскай дзіцячай школы  мастацтваў дастойна прадставілі раён на АРТ-сесіі юных мастакоў Мінскай вобласці, якая адбылася ў Смалявічах. Гэта штогадовы конкурс,  адным з арганізатараў якога з’яўляецца Мінскі абласны выканаўчы камітэт.  Удзел у ім прымаюць навучэнцы дзіцячых мастацкіх школ і мастацкіх аддзяленняў дзіцячых школ мастацтваў. У гэтым годзе на конкурс было заяўлена 280 работ. Мар’інагорская дзіцячая школа мастацтваў прадставіла 18 работ, 15 з якіх былі  адзначаны дыпломамі ў розных намінацыях.

Прызёры конкурсу і іх педагогі

Прызёры конкурсу і іх педагогі

Дыпломы I-й ступені атрымалі Кацярына Заяц, Дамінік Драч, Юлія Шыдлоўская, Ульяна Езубчык. Дыпломамі II-й ступені былі адзначаны работы Ганны Яфіменка, Антона Таубэ, Марыны Краўчанка, Таццяны Бабук, Крысціны Кітаевай, Дар’і Бародзька. Дыпломамі III-й ступені ўзнагароджаны Ганна Драбышэў-ская, Сабіна Каруная, Анастасія Крэзо.Адразу дзве ўзнагароды — дыпломы I-й і III-й ступені — атрымала Марыя Макарэвіч.

Гэтых таленавітых дзяцей да конкурсу рыхтавалі педагогі Святлана Брын, Ніна Дзмітрук, Ірына Кавалёва.

— Мы вельмі задаволены вынікамі, — расказала загадчык мастацкага аддзялення Мар’інагор-скай дзіцячай школы мастацтваў Святлана  Брын. — Нашым вучням прыйшлося канкурыраваць з навучэнцамі мастацкіх школ Барысава, Салігорска, Слуцка, Маладзечна, якія трымаюць вельмі высокую планку. І конкурс паказаў, што мы з імі ідзём на адным узроўні. 

Наогул, удзельнічаць у творчых спаборніцтвах карысна і для дзяцей, и для настаўнікаў. Любая конкурсная работа — гэта вынік супрацоўніцтва вучня і педагога: настаўнік дапамагае вучню думаць, разважаць, “пражыць” гісторыю, якую ён збіраецца  “расказаць” у сваёй карціне. Любы мастацкі твор  — гэта не простае адлюстраванне рэчаіснасці. Гэта своеасаблівае бачанне свету, нярэдка наватарскае. Тэндэнцыі ў мастацтве пастаянна мяняюцца. І ўдзел у конкурсах  — адна з магчымасцей адчуць іх, пазнаёміцца з навінкамі. Яшчэ гэта абмен вопытам. І, канешне, магчымасць выявіць самых таленавітых дзяцей.Мы вельмі паважаем усіх нашых вучняў. Яны — сапраўдныя працаўнікі. Трэба разумець, што на іх ляжыць велізарная нагрузка ў агульнаадукацыйнай школе, да якой  дадаецца яшчэ і вучоба ў школе мастацтваў. Зрабіць дастойную работу  — гэта вялікая праца. А падрыхтаваць  конкурсную — асабліва. Займае яна  некалькі месяцаў.

Сёння мастацкае аддзяленне Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў  — гэта 101 вучань, з якімі працуюць 4 педагогі. І тут з задавальненнем  навучаць усяму таму, што павінен ведаць і ўмець сапраўдны мастак.

Наталля   ПАРХОМЧЫК

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *