Жыццё прысвяцілі дзецям
Менавіта гэтымі словамі хочацца пачаць аповед пра сэрцу блізкіх і дарагіх настаўнікаў Шацкай сярэдняй школы. Сёння Дзень сустрэчы выпускнікоў — свята, якое ўскалыхвае душу кожнага былога вучня, незалежна ад яго ўзросту, сацыяльнага статусу, займаемай пасады.
2017 год — юбілейны для выпускнікоў 2002 года. 15 гадоў — не так і многа, але для нас гэта немалы шлях да сталення, самаўдасканалення, знаходжання свайго месца ў жыцці, шлях, на якім былі і поспехі, і няўдачы.Вось і сёлета мы з хваляваннем спяшаемся ў сваю родную школу. Як хочацца нам, выпускнікам, прайсціся яшчэ раз у гэты дзень па школьных калідорах, якія раней здаваліся такімі доўгімі, зазірнуць у свой клас, сесці на тое месца за парту, дзе спасцігалі веды, падысці да дошкі і крэйдай напісаць: “Прывітанне, школа!”.
З асаблівым хваляваннем чакаем мы сустрэчы з нашымі дарагімі і любімымі настаўнікамі: Наталляй Рыгораўнай Кароль, Аленай Уладзіміраўнай Трупінай, Жаннай Іванаўнай Уляхінай, Марыяй Міхайлаўнай Баканавай, Жаннай Мікалаеўнай Рынкевіч і іншымі. Застануцца ў нашай памяці Ала Мікалаеўна Бурш, Наталля Мікалаеўна Вайцэховіч. Гэта былі інтэлігентныя, творчыя людзі, якія аддавалі нам усе свае сілы, веды і любоў.
Вельмі любім, паважаем свайго класнага кіраўніка Наталлю Леанідаўну Мацеральнік. Гэта чалавек шырокай душы, спагадлівая, клапатлівая, справядлівая. Наталля Леанідаўна — наша другая матуля. Яна заўсёды дасць адказ на любое пытанне, дапаможа знайсці выхад у складанай сітуацыі.
Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасуем нашым першым настаўнікам: Аліне Альдонаўне Жогаль, Ірыне Мікалаеўне Хадачынскай, Наталлі Канстанцінаўне Івашкевіч, Алене Віктараўне Курылавай.Колькі вашых сіл, цярпення, часу спатрэбілася, каб навучыць нас, малых і няўрымслівых, чытаць і пісаць, лічыць і складаць, быць справядлівымі, працавітымі, добразычлівымі, умець сябраваць, радавацца чужым поспехам.
Дзякуй вам, дарагія настаўнікі! Ведайце: кожны з нас за тое, чаго дасягнуў у жыцці, абавязаны вам. Нягледзячы на час, узрост, жыццёвыя абставіны, вы заўсёды ў нашых сэрцах.