Земляробы ААТ “Вецярэвічы” у ліку першых выканалі план сяўбы кукурузы.

 ДМікалай Аліферэнка і Дзмітрый Заранчук.

Мікалай Аліферэнка і Дзмітрый Заранчук.

Большасць гаспадарак раёна напрыканцы мінулага тыдня  цалкам  справіліся з сяўбой кукурузы. У ліку першых план сяўбы ў 500 гектараў выканалі земляробы ААТВецярэвічы”. На палетках ужо добра бачныя першыя ўсходы  “каралевы палёў”. Механізатары сваю справу напалову выканалі, цяпер чарга за спрыяльным надвор’ем.

— Мы вельмі спадзяёмся на пагодлівыя дні. Вясна прынесла некалькі дажджлівых тыдняў, якія пакінулі шмат вільгаці на нашых палях. З-за гэтага мы былі вымушаны чакаць сонечных дзён і значна скарэкціраваць нашы земляробчыя планы,  — расказвае галоўны аграном Паліна Заяц. — Глебу пад сяўбу мы падрыхтавалі  загадзя, і толькі надвор’е стрымлівала нас. Пасля працяглых дажджоў вымушаны былі  другі раз займацца падрыхтоўкай глебы.

Сяўбу кукурузы ў сельгасарганізацыі правялі двумя пасяўнымі агрэгатамі. Асноўны сейбіт у гэтым сезоне — Ілья Жук. Дапамагалі яму механізатары Аляксандр Данілаў і Сяргей Кроцік, якія змянялі адзін аднаго. Падрыхтоўкай глебы займалася вялікая каманда механізатараў. Сярод іх — Аляксандр Бахур, Сяргей Кроцік, Аляксей Кавалёў. 

Кукурузныя сеялкі на мехдварах ужо чакаюць свайго наступнага сезона. Зараз на палетках актыўна ідзе сяўба аднагадовых траў. У ААТ “Вецярэвічы” пад іх адведзена самая вялікая плошча ў раёне — 650 гектараў.

У панядзелак на палях каля вёскі Селецк  аднагадовыя  травы сеяў Мікалай Аліферэнка. У мінулым годзе на вясенняй сяўбе ён заняў трэцяе месца ў раёне. Гэты сезон для механізатара пакуль таксама складваецца паспяхова.  Галоўнае, каб тэхніка не падводзіла.

— Чацвёрты год  працую на  трактары “Фэндт” з пасяўным агрэгатам Rabe Turbo Drill, —  гаворыць Мікалай Аліферэнка. — У гаспадарцы я працую амаль усё жыццё. Сею і аднагадовыя травы, і збожжавыя культуры, займаюся ворывам.

Аляксандр Бахур.

Аляксандр Бахур.

На полі разам  з Мікалаем Мікалаевічам шчыраваў Дзмітрый Заранчук. Яго абавязкі — хутка падвозіць насенне і насыпаць яго ў агрэгат. З імі Дзмітрый Аляксандравіч паспяхова спраўляецца.

На суседнім полі падрыхтоўкай глебы займаўся Аляксандр Бахур. Ён праводзіць свой трынаццаты сельскагаспадарчы сезон. У бліжэйшыя дні Аляксандр Васільевіч зменіць агрэгат для падрыхтоўкі глебы на пасяўны.

— Сёлета мы  зрабілі стаўку на травы. Гэта добры корм для жывёлы, а, значыць,  і адзін са складнікаў высокіх надояў, — працягвае галоўны аграном. — У гэтым годзе вельмі парадавала азімая свірэпіца. Звычайна яна не вельмі добра пераносіла зіму, аднак сёлета для гэтай алейнай культуры ўсё склалася паспяхова.  Яе пасеялі толькі 60 гектараў,  аднак яна значна разнастаіла рацыён жывёлы. На наступны год плануем засеяць большую плошчу.

Паралельна ў гаспадарцы ідзе хімпраполка яравых збожжавых культур.  Ужо на працягу пяці гадоў гэтую сур’ёзную справу даручаюць Сяргею Сысаву. На комплексе агратэхнічных сродкаў  “Раса” ён апрацоўвае гербіцыдамі яравы ячмень і трыцікале,  дагэтуль падкормліваў азімыя і яравыя культуры. З пачатку вясны на яго рахунку 1988 гектараў.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *