Зерне  здаў  —  зерне  прыняў…

Аператары зернесушыльнага комплексу С-30 Дзмітрый Ляшчынскі і Сяргей Гурыновіч.

Аператары зернесушыльнага комплексу С-30 Дзмітрый Ляшчынскі і Сяргей Гурыновіч.

Ля варот ААТПухавіцкі камбінат хлебапрадуктаўзрэдку ўжо можна ўбачыць аўтамашыны, якія прывозяць зерне на элеватар. Абмалот збожжавых культур завершаны, і для працаўнікоў элеватара зменшылася напружанасць у  рабоце па прыёмцы збожжа на захоўванне. Але  гэта работа зноў актывізуецца, калі ў гаспадарках пачнецца ўборка кукурузы на зерне. Разлічваецца, што ёмістасці элеватара яшчэ значна папоўняцца. Аднак пра вынікі сёлетняга жніва ўжо можна гаварыць і зараз.

Начальнік элеватара Вадзім Канцавы адзначыў, што прыёмка на  захоўванне зерня новага ўраджаю збожжавых культур праходзіла ў асабліва напружаным рэжыме. Па прычыне таго, што кліматычныя ўмовы сёлета затрымалі выспяванне хлябоў, абмалот іх пачаўся пазней. Масавая здача зерня на элеватар пачалася 29 ліпеня, што на 10 дзён пазней, чым летась. Хлебаробы імкнуліся як мага хутчэй абмалаціць збожжавыя палеткі і здаць ураджай на захоўванне. Адпаведна высокімі былі і тэмпы работы элеватара па прыёмцы збожжа. Ускладняла  работу павышаная вільготнасць зерня. У час жніва бывала дажджлівае надвор’е,  і  зернесушыльныя комплексы некаторых гаспадарак не паспявалі высушваць зерне да патрэбных кандыцый. Рабіць гэта даводзілася на элеватары. Дзве сушылкі кругласутачна працавалі на поўную магутнасць,  пераапрацоўваючы да 100 тон зерня ў гадзіну. Высокія тэмпы гэтай работы забяспечылі аператары зернесушыльных комплексаў  Дзмітрый Ляшчынскі, Сяргей Гурыновіч, Леанід Касьміна, Яўген Комлік, Дзмітрый Дудкоў.

Работу ўсіх трох змен элеватара арганізавалі майстры Генадзь Дрокін, Яўген Фіневіч і Дзмітрый Шашок. Не было дапушчана ніводнага збою ў рабоце вытворчых участкаў элеватара.

На захоўванне прынята больш за 76 тысяч тон зерня трыцікале, ячменю, жыта харчовага, а таксама пшаніцы харчовай і фуражнай. Лічба гэта паступова павялічваецца.

Другі этап масавай здачы зерня на Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў пачнецца, калі гаспадаркі пры-ступяць да ўборкі кукурузы. Ёміста-сцей на элеватары  хапае:  ён разлічаны на захоўванне 120 тысяч тон зерня.

За якасцю зерня, якое паступала на элеватар, пільна сачылі тэхнікі-лабаранты Таццяна Гурыновіч, Таццяна Стрэльская і Вікторыя Шашок, у якіх таксама быў напружаны графік работы.

— Якасныя кандыцыі зерня новага ўраджаю не выклікалі нараканняў. Зараз усё засыпанае ў сіласы зерне мае патрэбныя для захоўвання кандыцыі, — адзначыла начальнік вы-творча-тэхналагічнай лабараторыі ААТ “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў” Вольга Мазалеўская.

Андрэй  МАЗАНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *