Кіпіць работа ў майстэрнях
Да пачатку каляндарнай вясны застаецца ўсё менш часу. У сельгасарганізацыях раёна яшчэ з пачатку зімы дбаюць пра будучы ўраджай. Важны паказчык — гатоўнасць машынна-трактарнага парку. Земляробаў не трэба пераконваць у тым, што якасны рамонт тэхнікі і надзейная яе работа падчас правядзення пасяўной кампаніі — аснова поспеху ў атрыманні добрых вынікаў. Гэта ісціна з году ў год пацвярджаецца на практыцы, таму рамонт сельскагаспадарчых машын і агрэгатаў — прыярытэтная задача для інжынерных службаў гаспадарак раёна.
Актыўна вядзецца рамонт тэхнікі ў ААТ “Зазерка”, ПСУ “Рудзенскае”, ААТ “Агра-Абярэг”, ААТ “Аграсімвал”. Апошнюю гаспадарку мы наведалі ў сярэдзіне тыдня. У мехмайстэрнях — чысціня і парадак, слесары і механізатары завіхаліся каля сельгасмашын.
— Зараз вядзецца рамонт двух пасяўных агрэгатаў і двух трактароў, — адзначае галоўны інжынер ААТ “Аграсімвал” Валерый Каваленка. — Пасяўныя агрэгаты патрабуюць капітальнага рамонту сашняковай групы. Хутка з гэтай работай справімся і прыступім да глебаапрацоўчай тэхнікі. Сродкі на запчасткі мы атрымалі з раённага бюджэту. У калектыве ўсе зацікаўлены, каб якасна і своечасова падрыхтаваць тэхніку да палявых работ. Добра працуюць слесары Віталій Ефімовіч, Сяргей Дурманаў і Сяргей Рысявец.
З рамонтам у гаспадарцы спраўляюцца сваімі сіламі. Пасяўныя агрэгаты рамантуюць механізатары Анатоль Лабанок і Павел Валасевіч. Яны не першы год падчас вясенней пасяўной кампаніі выязджаюць у поле з гэтымі сеялкамі, таму лепей за іншых ведаюць сваю тэхніку.Шмат гадоў у гаспадарцы працуюць механізатары Пётр Мотуз і Уладзімір Савіч. У той дзень яны займаліся рамонтам рухавіка трактара. Побач з вопытнымі механізатарамі трактар да вясенне-палявых работ рыхтаваў Віктар Сіпач. Для маладога чалавека гэта будзе другая пасяўная кампанія. У мінулым годзе ён ужо працаваў на гэтым трактары і як ніхто ведае, на што звярнуць увагу падчас рамонту.
Як паведамілі ў інжынернай службе раёна, у цэлым рамонт тэхнікі ў сельгасарганізацыях ідзе згодна з планам. У ААТ “Ражджэственскае-Агра”, СУП “Дукора-Агра” пакуль вядзецца бягучы рамонт.Падобная сітуацыя яшчэ два тыдні таму была на мехдварах ААТ “Шацк” і СУП “Сяргеевічы”. Аднак за гэты час назіраюцца станоўчыя перамены.
У лютым інжынерным службам сельгасарганізацый прыйдзецца трымаць экзамен перад раённай інспекцыяй Дзяржтэхнагляду. У ліку першых праверку тэхнічнага стану пройдуць машыны і агрэгаты ААТ “Агра-Абярэг”.