Лён стаў справай жыцця

IMG_6917Як цвіце лён і як ідзе яго ўборка, яшчэ не так даўно можна было ўбачыць на многіх палях нашага раёна. “Паўночны шоўк” вырошчваў для сваіх патрэб ААТ “Пухавічы-лён”. Пасля закрыцця прад-прыемства пасевы гэтай культуры паступова скарачаліся. Сёння, дарэчы, сельгасарганізацыі не займаюцца яе вырошчваннем.

Аднак блакітны цуд палёў канчаткова не знік з палеткаў Пухавіччыны. Сёння лён у нашым рэгіёне вырошчваюць тры сялянска-фермерскія гаспадаркі: “Святлана-Агра”, “Малодзінка” і “Ганчар М.М.”.  Першапраходцам у гэтай справе быў заснавальнік СФГ “Святлана-Агра” Валерый Лінючаў.

З Валерыям Іванавічам  мы па-знаёміліся выпадкова зусім нядаўна. Пасля кароткай размовы абодва пашкадавалі, што не сустрэліся раней: я магла б зрабіць жывыя фотаздымкі ў полі, Валерый Іванавіч — на прыктыцы прадэманстраваць і  патлумачыць мне тэхналогію і перспектывы вырошчвання лёну. Пра гэтую культуру ён гаворыць вельмі ахвотна, таму што яе вырошчванне стала любімай справай.

— Мой бацька ўсё жыццё працаваў на льнозаводах: на Дварэцкім (Гродзенская вобласць), Лідскім, Бярэзінскім і Пухавіцкім. Таму я з дзяцінства ведаю пра асаблівасці гэтай вытворчасці, — расказвае Валерый Лінючаў. — Сам каля дваццаці гадоў працаваў  на Пухавіцкім льнозаводзе. За гэты час асвоіў тэхналогію вырошчвання лёну-даўгунцу, бо не адзін сезон выконваў самыя розныя аперацыі: рыхтаваў глебу, сеяў, апрацоўваў пасевы, убіраў ураджай.

Пра Пухавіцкі льнозавод, з якім звязаны значны перыяд жыцця і працоўнай дзейнасці,  субяседнік успамінае з лёгкім смуткам. Былы дырэктар льнозавода Мікалай Шклянко прапанаваў Валерыю Лінючаву стаць фермерам. Было гэта ў 1997 годзе.

— Мікалай Мікалаевіч вельмі перажываў за прадпрыемства. Сёння  наўрад ці  сустрэнеш  такога зацікаўленага кіраўніка. Яго прапанова,  можна сказаць, стала лёсавызначальнай для мяне, — працягвае фермер. —  Аформіў зямлю ў арэнду, набыў у лізінг спецыялізаваную льноўборачную тэхніку, насенне і пачаў працу. Спачатку ў мяне былі маленькія плошчы: ад трох да пятнаццаці гектараў, таму аказваў паслугі льнозаводу.

Сёння кіраўніцтва раёна выдзяляе мясцовым ільнаводам землі. Штогод гэта новыя палі, таму што другі раз высяваць лён на адным і тым жа полі можна толькі праз 5-7 гадоў. На тры фермерскія гаспадаркі сёлета выдзелена 272 гектары. 94 з іх будзе апрацоўваць кіраўнік СФГ “Святлана-Агра”. Гэтыя плошчы ўжо заараны.

— Такая снежная зіма дае на-дзею на добры ўраджай, бо ў 2016 годзе з-за засушлівага надвор’я мы не атрымалі таго, на што разлічвалі. Сярэдняя ўраджайнасць ільнотрасты склала 27 цэнтнераў з гектара. Для параўнання: у 2015 годзе яна была больш за 40 цэнтнераў з гектара, — расказвае Валерый Лінючаў. — Рэалізуем ільнотрасту на  ААТ “Слуцкі льнозавод”.

Фермер працуе адзін: ён вырашае і арганізацыйныя пытанні, і працуе ў полі. Зазначу, што адпаведнай адукацыі Валерый Лінючаў не  мае.  Аднак  гэта  не  перашкаждае яму цікавіцца льновытворчасцю Беларусі на розных узроўнях.  Валерый Іванавіч часта наведвае  РУП “Інстытут лёну” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які знаходзіцца ў вёсцы Вусце Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Яго цікавіць селекцыя новых сартоў ільну і агратэхнічныя прыёмы павышэння ўраджайнасці і якасці  льнопрадукцыі.

Таксама СФГ “Святлана-Агра” супрацоўнічае з навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі і ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйск-аграмаш”. Валерый Лінючаў бярэ льноўборачную тэхніку, якая знаходзіцца ў распрацоўцы і пакуль не дайшла да шырокага карыстання, і працуе на ёй. Пасля расказвае распрацоўшчыкам-канструктарам, як працуе тэхніка, якую дэталь трэба замяніць ці што дапрацаваць. Вучоныя прыслухоўваюцца да  парад нашага земляка.

— Мне вельмі падабаецца тое, чым я займаюся. Лён —  гэта маё, дакладна, — падсумоўвае Валерый Іванавіч. — Гэта складаная культура  з вытворчага боку, аднак  яна зацягвае. Пра гэта гавораць і мае сябры-фермеры. Упэўнены, што калі б і захацеў займацца чым-небудзь іншым,  то ўжо больш не  знайшоў бы настолькі цікавай для мяне справы.

Кацярына   ВЕРНІКОЎСКАЯ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *