На ААТ “Машхарчпрад” у моладзі ёсць перспектывы.
Ганна Міранкова і Валерый Жур два гады таму па размеркаванні трапілі на ААТ “Машхарчпрад”. У жніўні тэрмін іх адпрацоўкі скончыцца, аднак маладыя спецыялісты вырашылі застацца на прадпрыемстве.
Ініцыятыўнай і таленавітай моладзі прапанавалі перспектывы кар’ернага росту. Пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Ганна працавала інжынерам-тэхнолагам, паўгода таму стала майстрам цэха харчовых вы-творчасцяў.
— Лёс, напэўна, невыпадкова прывёў мяне на вытворчасць чыпсаў “Міра”: назва гандлёвай маркі ёсць у маім прозвішчы,— з усмешкай расказвае дзяўчына. — Цікава працаваць на новай пасадзе. Я прыехала з Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці, амаль за два гады шчыра палюбіла Мар’іну Горку. Мне вельмі падабаецца і горад, і людзі, якія тут жывуць і працуюць.
Малая радзіма Валерыя Жура — горад Белаазёрск Брэсцкай вобласці. За два гады Пухавіччына для маладога чалавека таксама стала роднай. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Спачатку працаваў інжынерам-канструктарам, два месяцы таму ўзначаліў тэхнічны аддзел прадпрыемства.
— Вельмі падабаецца калектыў, дзякуючы яму я хутка асвоіўся на працы, — гаворыць Валерый.
ААТ “Машхарчпрад” прыцягвае моладзь. Многія, як Ганна і Валерый, застаюцца. Тут перад імі адкрыты ўсе дзверы і магчымасці, таму ў сваім выбары маладыя людзі не сумняваюцца.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.