На восеньскіх палетках ідзе нарыхтоўка кармоў.
ААТ “Зазерка” адным з першых у раёне пачало ўбіраць кукурузу на сілас. Яе вясной паселі на 850 гектарах. Гэта самая вялікая плошча ў параўнанні з іншымі сельгас-арганізацыямі. “Каралева палёў” радуе земляробаў высокай ўраджайнасцю: каля 500 цэнтнераў з гектара. Што-дзень сіласныя траншэі напаўняюцца тонамі толькі што здробненай зялёнай масы.
— Мы ўжо нарыхтавалі больш за пяць тысяч тон сіласу з запланаваных шаснаццаці тысяч, — расказвае дырэктар гаспадаркі Андрэй Папельскі. — Аднак цяпер плануем нарыхтаваць дваццаць тысяч тон (для гэтага ёсць усе магчымасці). Сіласныя траншэі на МТФ “Узляны” і МТФ “Зазерка” ўжо поўныя, зараз рыхтуем кармы на МТФ “Едліна”. Каля 80 гектараў кукурузы разлічваем пакінуць на зерне.
Кукурузу на КВК-800 убірае вопытны механізатар Сяргей Дароўскі. За дзень ён скошвае каля 25-30 гектараў і нарыхтоўвае да 900 тон зялёнай масы. На адвозцы задзейнічана шэсць адзінак тэхнікі. Ва-дзіцелі Вячаслаў Бурчыц, Аляксандр Холад, Міхаіл Булгак, Дзмітрый Клунко, Аляксандр Базылеў і Андрэй Хмялеўскі хутка адвозяць “зялёнку” на сіласныя траншэі.
— Работу мы арганізавалі такім чынам, каб не губляць каштоўнага часу. Кормаўборачны камбайн запраўляем прама на полі. “Начуе” КВК на бліжэйшай да поля ферме, таму з самай раніцы пачынаем работу, — працягвае Андрэй Станіслававіч. — Уважліва сочым за станам тэхнікі. Да кожнага віду палявых работ стараемся сур’ёзна яе падрыхтаваць.
Перапынкі механізатары і вадзіцелі робяць толькі падчас абеду. Ежу дастаўляюць з уласнай сталовай.
На суседнім полі земляробы гаспадаркі ўжо дбаюць пра ўра-джай будучага года. Насенныя ўчасткі азімага жыта засявае вопытны сейбіт Аляксей Вераскоўскі. Насенне яму падвозіць новы вадзіцель гаспадаркі Віктар Нехвядовіч. На іншых палях азімыя культуры сеюць Мікалай Кушпет і Алег Зянковіч. Азімы клін збожжавых у зазерскіх земляробаў складае 1600 гектараў. Падрыхтоўкай глебы займаецца Уладзімір Сідаровіч.
На гэтым тыдні ў гаспадарцы пачнуць убіраць дэбютны ўра-джай цукровых буракоў. Салодная культура расце на 100 гектарах. Земляробы разлічваюць на высокую ўраджайнасць. На наступны год пасяўную плошчу пад цукровыя буракі павялічаць.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.