На выставе “СМІ ў Беларусі” прайшла прэзентацыя нашай газеты
На мінулым тыдні ў Мінску ў выставачным комплексе “Белэкспа” праходзіла юбілейная XX выстава “СМІ ў Беларусі”. У ёй прымалі ўдзел як беларускія газеты, тэлеканалы, радыёстанцыі, так і сродкі масавай інфармацыі з Расійскай Федэрацыі, краін СНД, Кітая, Венесуэлы і іншых. У межах выставы прайшло нямала цікавых мерапрыемстваў, у якіх прымала ўдзел і наша газета.
Па традыцыі паралельна з выставай праходзіць і Беларускі міжнародны медыяфорум “Партнёрства дзеля будучыні”, у межах якога працуе Летняя школа журналістыкі. Гэтыя мерапрыемствы — добрая магчымасць сустрэцца з калегамі, абмяняцца думкамі, якую мы прапусціць таксама не маглі.
Магчымасць сябе паказаць і на іншых паглядзець была і на галоўнай выставачнай пляцоўцы, дзе рэдакцыі выдзелілі час для прэзентацыі газеты. Кожны ўдзельнік выставы імкнецца нечым незвычайным прыцягнуць увагу наведвальнікаў, зрабіць так, каб яны затрымаліся каля стэнда. У сваю прэзентацыю мы ўключылі фільм пра наш раён, падрыхтавалі нямала сувеніраў, падтрымала нас і ААТ “Машхарчпрад”, прадаставіўшы сваю прадукцыю — чыпсы, якія так любіць моладзь. Усё гэта ўспрымалася “на ўра”, дарэчы, як і нумары нашых газет. Імі цікавіліся і студэнты, і калекцыянеры, і калегі з іншых выданняў. А мы расказвалі пра падзеі, што адбываюцца ў нашым раёне, і пра тое, як мы адлюстроўваем іх на старонках нашай газеты. Людзі з некаторым здзіўленнем слухалі і пра парк струнных тэхналогій, і пра “разумны бінт” ААТ “Завод горнага воску”, і пра тое, што любімыя многімі віды чыпсаў і марожанага выпускаюць ў Мар’інай Горцы. Мы ўсіх запрашалі стаць нашымі чытачамі і пастаянна заходзіць на сайт www.gorka.by. Падыходзіла да стэнда нямала і нашых землякоў, якія зараз жывуць ў Мінску. Прыемна было пачуць добрыя водгукі аб газеце.
Пад час работы выставы можна было не толькі карысна правесці час з прафесійнага пункту гледжання, але і проста весела і цікава. Напрыклад, паў-дзельнічаць ў розных конкурсах. Дарэчы, журналісты “Пухавіцкіх навін” у конкурсах, якія праводзілі радыйшчыкі Белтэлерадыёкампаніі, аказаліся першымі. Нашы Святлана Вайцяхоўская і Кацярына Вернікоўская пакінулі шоу з прызамі, сярод якіх была і магчымасць разыграць каго-небудзь з сяброў ці знаёмых. Так што некага з пухаўчан чакаў сюрпрыз ад нашых журналістаў і знаёмых радыёканалаў.
Каля стэнда “Прэса МУС Беларусі” нам паказалі, як укамплектованы чамадан, з якім спецыялісты экспертнай службы выязджаюць на здарэнні. З прадстаўнікамі Белпошты паразмаўлялі пра маркі. А калегі з Валожынскага раёна прывезлі з сабой рарытэтную пішучую машынку фірмы “Мерсэдэс”.
Пабачыўшы ўсё гэта, пашкадавалі толькі аб тым, што не было магчымасці пабываць на выставе ва ўсе дні яе работы.