На рахунку камбайнера СУП “Дукора-Агра” Мікалая Крукоўскага тры тысячы тон.

IMG_0947 (копия) 2Жніво на Пухавіччыне завершана. Каравай Пухавіччыны склаў каля 104 тысяч тон. Гэта больш,  чым у мінулым годзе.

Аднак не толькі агульным намалотам адметны гэты ўборачны сезон. На рахунку камбайнера СУП “Дукора-Агра” Мікалая Крукоўскага — 3250 тон намалочанага збожжа. Такога выніка ў раёне яшчэ не было.

— У мінулым годзе я намалаціў крыху больш за 2100 тон, — гаворыць Мікалай Міхайлавіч. — Сёлета ставіў перад сабой высокія мэты і задаволены, што змог іх дасягнуць. Намалот заўсёды залежыць ад ура-джайнасці.  Мая перамога — заслуга ўсяго нашага калектыву.  З  моманту сяўбы  нямала людзей пашчыравалі на палях, каб мне і астатнім камбайнерам было што ўбіраць.

За дзень у сярэднім Мікалай Крукоўскі на “Лексіёне-560” намалочваў 120 тон збожжа. На гэтым камбайне перадавік працуе з 2009 года. Уважліва сочыць за станам тэхнікі, і яна не падводзіць. Здараюцца, безумоўна, паломкі, аднак  іх стараюцца хутка ліквідаваць.

У сельскай гаспадарцы Мікалай Міхайлавіч  працуе ўсё жыццё.  У Дукору пераехаў з Гродзеншчыны,  адзінаццаць гадоў таму ўладкаваўся ў мясцовую гаспадарку. На жніве задзейнічаны з 2009 года.

За гэты час камбайнер дасягнуў значных працоўных поспехаў. Мікалай Крукоўскі — пастаянны ўдзельнік раённых і абласных дажынак. Дыпломы з гэтых святаў займаюць цэлую паліцу. 

Напружаны час жніва для камбайнера пачаўся напрыканцы ліпеня з уборкі рапсу. Цяпер на палях, дзе зусім нядаўна стаялі важкія каласы збожавых культур, вядзецца ворыва.   Адпачываць Мікалаю Крукоўскаму, як і іншым хлебаробам, пакуль рана.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *