Не толькі жаночая справа
На малочнатаварным комплексе “Прыстань” СУП “Сяргеевічы” дойнае пагалоўе невялікае. Працуюць тут два аператары машыннага даення. Разам з Галінай Грэцкай, якая сёмы год працуе ў гаспадарцы, штодзень на ранішнюю і вячэрнюю дойкі спяшаецца Дзмітрый Гуляеў.Мужчыну ў гэтай прафесіі даводзіцца сустрэць далёка не кожны дзень. Дзмітрый Сяргеевіч быццам прадбачыць маё пытанне і пачынае размову:
— Я доўгі час працаваў будаўніком, аднак жыццёвыя абставіны ў мінулым годзе прывялі мяне на ферму. Не лічу прафесію аператара машыннага даення выключна жаночай. Наадварот, на такім ДМБ з даільнай залай “Паралель” мужчыне працаваць лягчэй, бо прафесія фізічна цяжкая.
Дзмітрый Гуляеў на ферме асвоіўся хутка. Яго маці калісьці працавала аператарам машыннага даення на ферме ў Крыстамполлі, таму ён не па чутках ведае гэтую справу і першы раз падаіў карову ў восем гадоў.
— Было гэта ў бабулі ў вёсцы, — з усмешкай успамінае Дзмітрый. — З таго часу прайшло нямала гадоў, і сёння працэс даення адбываецца пры дапамозе даільных апаратаў. Аднак каровы ўсё роўна адчуваюць твой настрой і атмасферу вакол. Я стараюся быць упэўненым і спакойным, таму цяжкасцей у адносінах з жывёламі не ўзнікае.
Загадчыца МТК “Прыстань” Людміла Важнік характарызуе свайго калегу як адказнага і здольнага працаўніка.
— Я практычна ўсё жыццё працую ў жывёлагадоўлі і дагэтуль ніколі не сустракала аператараў машыннага даення мужчын, — расказвае Людміла Васільеўна. — Я заўсёды сур’ёзна стаўлюся да падбору кадраў, бо ўпэўнена, што гэта вельмі важна. І нам з Дзмітрыем Гуляевым пашанцавала: з ім лёгка працаваць. Яны з Галінай Грэцкай добра спраўляюцца з усімі абавязкамі.