Новая дзіцячая пляцоўка з’явілася ў Энергіі.

талака5Калі адкрываюцца новыя аб’екты, прынята разразаць чырвоную стужку: існуе такая ўрачыстая традыцыя. Некаторы час таму такая цырымонія адбылася… на дзіцячай пляцоўцы ў вёсцы Энергія.

Стужку разам са старшынёй Дукорскага сельвы-канкама Таццянай Савік разразалі дзеці, якія пражываюць у вёсцы. Менавіта для іх і быў уладкаваны гульнявы комплекс.

— Па ініцыятыве старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргея Ленкаўца сельвыканкамам было прапанавана падумаць над тым, каб у буйных вёсках з’явіліся дзіцячыя пляцоўкі, — гаворыць старшыня Дукорскага сельвыканкама Таццяна Савік. — На тэрыторыі нашага сельсавета два  вялікія населеныя  пункты — Дрычын і Дукора. У Дрычыне мы зрабілі гульнявую пляцоўку каля дзіцячага сада, у Дукоры плануем зрабіць у раёне новай забудовы, дзе жывуць маладыя сем’і. А ў вёсцы Энергія ўсяго толькі 12 дзетак падрастаюць. Але хіба ім пляцоўка не патрэбна? Тым больш, што ні дзіцячага сада, ні школы тут няма, а да жыхароў часта прыязджаюць унукі. Таму вырашылі: пляцоўцы быць.

Яе даставілі і ўстанавілі работнікі сталічнай кампаніі “Бэбистрой”. А сродкі ў памеры 5200 рублёў выдзяліў сельвыканкам.

Аднак справа на тым не скончылася. Да яе энергічна далучыліся бацькі: невыпадкова ж яны ў Энергіі жывуць!  Вырашылі, што комплекс павінен стаць большым і цікавейшым. Таму за свае грошы набылі яшчэ і арэлі. А потым увайшлі ў смак і сваімі сіламі зрабілі пясочніцу, часткова абгарадзілі пляцоўку  звычайнымі аўташынамі, пафарбаванымі ў розныя колеры.  І чысціню на пляцоўцы таксама наводзілі сумесна. Не палохала нават спякотнае надвор’е, што  стаяла ў дні бацькоўскага суботніка (на здымку).

— Актыўна ўдзельнічалі ў работах сем’і Пятроўскіх, Кобавых, Догель, Казакевіч, Савіч, Голубцавых… І з суседніх вёсак таксама прыходзілі мамы з дзеткамі, дапамагалі, — расказвае Настасся Прымака, адна з галоўных ініцыятараў і арганізатараў бацькоўскага руху на вёсцы.

Настасся сама — маладая матуля, выхоўвае сына Дзяміда, таму праблемы такога плана ёй блізкія і зразумелыя. Да таго ж, яна проста актыўны і творчы чалавек, які стараецца прыўнесці ў жыццё дадатковыя фарбы і падзяліцца імі з іншымі. Таму адкрыццё звычайнай пляцоўкі для гульняў стала сапраўдным вясковым святам, на які прыехалі нават сталічныя артысты з гурта “Рада”. Іх канцэрт парадаваў і дзяцей, і дарослых.

— Тое, што з’явілася дзіцячая пляцоўка, — гэта радасць для ўсёй вёскі, — расказвала Настасся. —  Але не менш важна тое, што мы аб’ядналіся, пакуль рабілі агульную справу. Успомнілі, як гэта цудоўна — быць разам.

Не дзіўна, што цяпер у бацькоў з Энергіі нараджаюцца новыя планы. Калі я рыхтавала да друку гэты матэрыял, Настасся даслала мне ліст з дзвюма рэкламамі будучых мерапрыемстваў, што пройдуць на дзіцячай пляцоўцы. У верасні дзецям пакажуць, як працуе са-праўдны ганчар, і прадставяць спектакль “Мама Му ў басейне”.

— Справа па ўладкаванні дзіцячай пляцоўкі яшчэ не скончана, — кажа Таццяна Савік. — Мы паабяцалі зрабіць добрую агароджу. Аднак і гэта не стане кропкай. Думаю, нашы бацькі яшчэ нешта прыдумаюць. А мы пастараемся падтрымаць.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *