Парадавалі вынікі юных пухавіччан на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды.

У Мінскай вобласці прайшоў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па 17 вучэбных прадметах. Каманду Пухавіцкага раёна  прадстаўлялі на ім сямнаццаць вучняў, якія прынялі ўдзел у інтэлектуальным спаборніцтве па 10 вучэбных прадметах. Сёлетняе прадстаўніцтва пухавіччан было больш шматлікім у параўнанні з папярэднімі гадамі.

— Выкананне вучнямі алімпіядных заданняў ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, іншых устаноў вышэйшай адукацыі краіны, а таксама настаўнікі і выкладчыкі, — расказвае спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Рошчына. — Вынікі работы юных пухавіччан нас вельмі парадавалі, бо ўжо даўно мы не збіралі такую колькасць узнагарод: школьнікамі было заваявана 7 дыпломаў першай, другой і трэцяй ступені.

Дыпломам I ступені па вучэбным прадмеце «Грамадазнаўства» адзначаны Цімур Шацілаў, вучань 11 класа Мар’інагорскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа (настаўнік — Аксана Кандрашова).

Браты Алег і Аляксей Плескачы, вучні  10 класа СШ №4 горада Мар’іна Горка, традыцыйна  паказваюць  высокія  вынікі  ў алімпіядах, што даказалі ў чарговы раз. Абодва атрымалі дыпломы ІІ ступені па матэматыцы.

Ангеліна   Царова,  вучаніца  9  класа  Мар’інагорскай гімназіі, па матэматыцы таксама прывезла дыплом ІІ ступені (настаўнік — Таццяна Дземідзюк).

Дар’я Бузук, вучаніца 10 класа Пярэжырскай СШ, па вучэбным прадмеце «Гісторыя» (настаўнік — Наталля Аўсянік) была ўдастоена дыплома ІІІ ступені. Дыплом такой  вартасці атрымаў і Дзяніс Хобня, вучань 11 класа  Рудзенскай сярэдняй школы (прадмет — гісторыя, настаўнік — Наталля Іванюк).

Упершыню ў раённай камандзе была дзяўчынка, якая выконвала заданні па іспанскай мове. У выніку Дар’я Ганеста, вучаніца 11 класа СШ №1 пасёлка Дружны, атрымала дыплом ІІІ ступені.

Прыемна, што выдатныя вынікі паказалі як вучні гарадскіх, так і вучні сельскіх школ раёна. Паспяховыя выступленні школьнікаў, калі прааналізаваць вынікі, з’яўляюцца ў роўнай ступені і вынікам карпатлівай працы з настаўнікамі, і вынікамі ўласнай працы, якую дзеці прыкладваюць, імкнучыся паказаць высокі ўзровень сваіх ведаў.

Па выніках трэцяга  этапу  рэспубліканскай алімпіяды будзе вызначаны склад  каманды Мінскай вобласці  для  ўдзелу ў  заключным  этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Мы спадзяёмся ўбачыць максімальную колькасць  нашых вучняў у гэтай камандзе.

Алена   ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *