Паштальён — жаданы госць.

Людміла Варапай.

Больш за шаснаццаць кіламетраў штодзень пераадольвае Вольга Рэмізевіч дзеля таго, каб жыхары вёсак Наваполле, Грабень і Бахаравічы атрымалі свежыя газеты і часопісы. Паштальён — жаданы госць у кожнай хаце. І не толькі таму, што прыносіць карэспандэнцыю і пенсіі. Для большасці вяскоўцаў — сталых адзінокіх людзей, гэта яшчэ і субяседнік, які раскажа ўсе апошнія навіны.

— Да людзей трэба ісці з добрым настроем, — падкрэслівае Вольга Аляксандраўна. — Гэтага прынцыпу я заўсёды кіруюся ў сваёй працы. Часу на доўгія размовы няма, бо трэба наведаць дзясяткі адрасоў.

Паштальёнам  Вольга Рэмізевіч працуе толькі другі год. Дагэтуль  28 гадоў жанчына была началь-нікам аддзялення паштовай сувязі “Наваполле”.  Жыццё з паштовай справай Вольга Аляксандраўна звязала мэтанакіравана: у свой час скончыла спецыялізаванае вучылішча ў Мінску. Пасля праходзіла практыку ў Вузлянах і Азярычыне.  Паштовае аддзяленне ў Наваполлі стала пастаянным месцам працы.

Вольга Рэмізевіч.

— Працоўны дзень у мяне і яшчэ аднаго паштальёна, Ірыны Матусевіч,  пачынаецца з сарціроўкі пісьмаў і газет, пасля ідзём да людзей. Зімой пераадольваць шлях складаней, у астатні перыяд выручае веласіпед, — працягвае Вольга Рэмізевіч. — На маім участку жыве шмат актыўных і цікаўных людзей. Яны выпісваюць і рэспубліканскія газеты, і раённую.

На працягу 17 гадоў  па такім  раскладзе працавала цяперашні начальнік аддзялення паштовай сувязі “Наваполле” Людміла Варапай.

З гэтай прафесіяй Людміла Уладзіміраўна была знаёмая з дзяцінства, бо дапамагала маці-паштальёну разносіць газеты і паштоўкі.

—  З цеплынёй успамінаю гады, калі разносіла пошту, —  расказвае Людміла Уладзіміраўна. — Першы час на пасадзе начальніка аддзялення было вельмі складана. Я шчыра ўдзячна Вользе Рэмізевіч за дапамогу.

Аддзяленне паштовай сувязі — гэта не толькі цэнтр аказання спецыялізаваных паслуг, але і міні-крама. Тут можна набыць самыя розныя тавары. На пошту ў любы час варта зайсці і дзеля таго, каб аформіць падпіску на любімыя выданні.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *