Першы таварыскі матч на сваім лёдзе правяла ў суботу хакейная каманда «Зорка»

Яна выступае  за  наш раён. Сапернікамі  пухаўчан стала  каманда  з Бабруйска, у якой  гуляюць  супрацоўнікі  органаў  Міністэрства  па надзвычайных  сітуацыях.

image— Матч атрымаўся цікавы, — расказвае хакеіст  «Зоркі»  Міхаіл Бутакоў. — Было прыемна згуляць дома і, да таго ж, стаць мацнейшымі з лікам 6:3. Хакеісты з Бабруйска маюць магчымасць трэніравацца ў лядовым палацы, а, значыць, і больш  гуляць у хакей. Мы, на жаль, такой  магчымасці  не маем.

«Зорка» сапраўды многія  свае перамогі  сёння атрымлівае  дзякуючы  таму, што ў  камандзе сабраны як  вопытныя  спартсмены, так  і  некалькі   маладых  хакеістаў  (Яўген  Чумак, Сяргей  Аўчарэнка, Сяргей  Гаравы), якія выступаюць у аматарскіх лігах. А яшчэ каманда ўпэўнена адчувае сябе таму, што на апошняй мяжы вароты абараняе галкіпер  Уладзімір  Бондар.

— Хацелася б, каб наша каманда мела будучыню, — кажа Міхаіл Бутакоў. — Але на гэта разлічваць складана, таму што занятак хакеем хоць і безумоўна цікавы і карысны, але далёка не танны. А, значыць, эканамічна  не выгадны для недоўгачасовага зімовага  сезону. Вось і атрымліваецца, што гуляць у хакей хлапчукі зусім не супраць (прыходзяць на каток пры першай магчымасці), але сур’ёзнай экіпіроўкі ў дзяцей няма, і адпаведна няма перспектывы. Таму пакуль наш хакей трымаецца на ветэранскай камандзе. Для нас, яе членаў, гэта не проста любімая гульня — гэта здароўе, гэта  настрой, зносіны, эмоцыі. Мы заўсёды з радасцю і  жаданнем перамагаць выходзім на лёд.

Алена  ШАНТЫКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *