У сельскагаспадарчым філіяле “Дрычын” праца для неабыякавых.

Мая камандзіроўка ў сельскагаспадарчы філіял “Дрычын” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскі малочны завод №1” была як сапраўднае падарожжа дылетанта: здаецца, нейкія веды ў галіне сельскай гаспадаркі  і ёсць, але чым больш распытваеш, тым цікавей становіцца.

Галоўны аграном Галіна Сіпач і в.а. дырэктара Дзмітрый Сыцік.

Галоўны аграном Галіна Сіпач і в.а. дырэктара Дзмітрый Сыцік.

Малако. Менавіта  пра гэта адразу зайшла размова, калі мы сустрэліся з кіраўніком    гаспадаркі Дзмітрыем Сыцікам, які быў маім правадніком у падарожжы:  гэта лагічна, зыходзячы з назвы галаўнога прадпрыемства. І  адправіліся мы адразу  на малочна-таварны комплекс “Новае Сяло”. Менавіта там утрымліваецца  большая частка буйной рагатай жывёлы, што ёсць ў  сельскагаспадарчым філіяле — 1600 галоў.

Малочнатаварны комплекс — гэта  прадпрыемства, канчатковая мэта работы якога  атрымаць як мага болей малака ад кожнай каровы і дабіцца  максімальных прываг у вазе ў бычкоў, што стаяць на адкорме.  Для яе дасягнення патрэбны  кармы, тэхніка, а, галоўнае,  неабыякавыя людзі.  Асаблівасць іх работы ў тым, што  справу яны маюць не з механізмамі, а з жывымі істотамі, існаванне якіх павінна быць і сытным, і камфортным, і спакойным.  Тады будуць і прывагі, і надоі.

Цялятніца Зінаіда Глазава.

Цялятніца Зінаіда Глазава.

Трымаць  памяшканні ў чысціні і парадку, глядзець, каб усе  іх насельнікі былі накормлены і дагледжаны, — задача жывёлаводаў.   Дзмітрый Абакунчык  займаецца гэтай справай на комплексе паўтары гады.  Прызнаюся, маё пытанне, ці шмат у яго работы, прагучала неяк недарэчна, бо і так зразумела, што нямала. Пакарміць бычкоў, што стаяць на адкорме, раздаць муку каровам, пачысціць стойлы, прасачыць, каб праходы былі чыстымі і акуратнымі, перадаць нарадзіўшыхся цялятак бабе Зіне…

Дарэчы, баба Зіна  — гэта цялятніца Зінаіда Глазава. Яе зона адказнасці — 120 маленькіх цялятак і домікі, у якіх яны гадуюцца.  Зінаіда Мікалаеўна ў іх — галоўная і любімая нянька, якая  побач з шасці гадзін раніцы і да самага вечара. Трэба  бачыць, як некаторыя  малыя  цягнуліся, каб іх пагладзілі. Зінаіда Мікалаеўна ў ласцы не адмаўляла, бо добра разумее, што  хуткі рост цялятак  і добрыя прывагі залежаць не толькі ад збалансаваных кармоў.

Аператары машыннага даення Надзея Шрэйдар і Алена Забаўская.

Аператары машыннага даення Надзея Шрэйдар і Алена Забаўская.

У даільна-малочным блоку давялося пазнаёміцца з аператарамі машыннага даення Надзеяй Шрэйдар і Аленай Забаўскай. На ком-плексе зараз утрымліваецца 636 дойных кароў  — гэта іх “кліенткі”, і, трэба сказаць, добрыя: і па 16, і па 18, і па 20  кілаграмаў малака ў дзень даюць.  Надоі пастаянна растуць,  што жанчын, безумоўна,  радуе. Гэта ў плане вытворчым.  А ў плане чалавечым радуюць добрыя адносіны ў калектыве і сяброўскія — паміж сабой.

Пра работу на комплексе  мне маглі яшчэ шмат чаго расказаць, але, пачуўшы слова “будаўнікі”,  я адразу пацікавілася,  што яны тут робяць.

Дзмітрый Іванавіч патлумачыў, што комплекс пашыраецца, на яго тэрыторыі будуюцца новыя аб’екты, якія ў хуткім часе будуць уве-дзены ў строй.   Гэта яшчэ адзін даільна-малочны блок. Будзе ферма на 300 галоў. Для яе ўжо падгадоўваюць маладых цялушак. У выніку статак на комплексе павялічыцца амаль да 2 тысяч галоў. А ў планах яшчэ пабудаваць цялятнік.

Механізатар Уладзімр Шыманскі.

Механізатар Уладзімр Шыманскі.

Акрамя малочнатаварнага комплексу “Новае Сяло”,  у прадпрыемства ёсць яшчэ малочнатаварныя фермы “Калінаўка”, дзе ўтрымліваецца дойны статак у 182 галавы,  і “Сетча” — 187 галоў. За 10 месяцаў  гэтага года сярэдні ўдой на адну карову па гаспадарцы склаў 4308 кілаграмаў, што на 275 кілаграмаў болей, чым у мінулым годзе. Агульная вы-творчасць малака за ўказаны перыяд склала 43181 цэнтнер, што на 4231 цэнтнер болей, чым у мінулым годзе.

Хаця малако — гэта галоўны клопат у гаспадарцы, раслінаводству тут  надаецца таксама вялікая ўвага: у гаспадарцы 3473 гектары пашы і больш за 1200 гектараў лугоў. Па-першае, гэта кармы, а па-другое — магчымасць мець дадатковы прыбытак.

Аб тым, чым парадаваў год, мы размаўлялі з галоўным аграномам  Галінай Сіпач.   Яна вынікі гэтага года лічыць  добрымі. Сярэдняя ўраджайнасць зерневых, якую атрымалі ў гаспадарцы, склала  40,4 цэнтнера з гектара.  А  азімай пшаніцы нават болей —  43,1 цэнтнера з гектара.  У гэтым годзе ўпершыню заняліся цукровымі буракамі: пасеялі іх на плошчы ў 100 гектараў.  Галіна Іванаўна прызналася: было складана, многаму  давялося вучыцца. Напрыклад,   калі праводзілі падкормку мінеральнымі ўдабрэннямі, страшна было, каб не спалілі расліны, хаця і рабілі ўсё па тэхналогіі. Але ўсё прайшло, як трэба, і ўраджай атрымалі нядрэнны: па 400 цэнтнераў з гектара. Вырашылі не адмаўляцца ад гэтай культуры, і на наступны год  рыхтуюць пад яе 150 гектараў.

Механізатар Уладзімір Забаўскі.

Механізатар Уладзімір Забаўскі.

З Дзмітрыям Іванавічам мы праехалі па палях, каб паглядзець, якія работы ідуць там.

На адным  з іх Уладзімір Забаўскі на трактары “Фэндт”   працаваў на ўзняцці зябліва. Яго заданне  —  20 гектараў за працоўны дзень, але рабіць атрым-ліваецца і  па 28, і па 30. Тут трэба дадаць, што ў гэтым годзе Уладзімір Уладзіміравіч вылучыўся на падрыхтоўцы глебы і ворыве: заняў другое месца ў раённым спаборніцтве. У ліку перадавікоў былі і іншыя:  Аляксей Шрэйдар стаў першым сярод механізатараў, занятых на сяўбе, Аляксандр Панікарчык —  пераможца спаборніцтва сярод механізатараў, занятых на доглядзе за пасевамі.

На полі побач з Уладзімірам Забаўскім на ўнясенні арганічных угнаенняў  працавалі Аляксей Мянькоў на трактары “Класс АТЛЕС 936”  і  Уладзімір Шыманскі на трактары “Беларус 3022”. З Уладзімірам, які не так даўно скончыў Мар’інагорскі аграрна-тэхнічны каледж і  год працуе ў гаспадарцы, мы  крыху паразмаўлялі пра грошы.  Малады чалавек прызнаўся, што тым, колькі атрымалася зарабіць за сезон, ён задаволены. Працаваў і на ворыве, і на сяўбе, і на нарыхтоўцы кармоў.

Пакуль мы з Уладзімірам абмяркоўвалі справы жыццёвыя, Дзмітрый Іванавіч падняўся ў кабіну трактара і нешта вывучаў у бартавым камп’ютары. У гэты  дзень у мяне была рэдкая магчымасць некалькі гадзін знаходзіцца побач з кіраўніком і назіраць за яго работай. Пра бясконцыя тэлефонныя званкі і гаварыць няма чаго. А вось за тым, як ён  імгненна заўважаў недахопы, рабіў заўвагі,   назіраць было цікава. І ў размовах, і ў паводзінах адчувалася, што хаця і працуе ён не так даўно,   за  сваё прадпрыемства сапраўды душой хварэе. А лю-дзям абыякавым у сельскай гаспадарцы і рабіць няма чаго. Для мяне гэта была галоўная выснова з таго дня, што правяла ў СГФ “Дрычын”.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Паважаныя працаўнікі СГФ “Дрычын”, ветэраны прадпрыемства, работнікі аграпрамысловага комплексу раёна!

Сардэчна віншуем вас з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Хочацца сказаць кожнаму з вас словы па-дзякі за руплівую працу, пажадаць, каб былі справядлівымі цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю, каб праца была ў радасць, каб своечасова свяціла сонца і выпадалі дажджы. І каб кожны дом быў поўнай чашай, і панавалі ў ім здароўе, дабрабыт, шчасце і надзея.

Адміністрацыя, прафсаюзны камітэт СГФ “Дрычын”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *