Працуюць адной камандай
Гэтая пасяўная кампанія для земляробаў ААТ “Зазерка” пачалася раней, чым летась. Для гаспадаркі цяперашні сезон адметны не толькі тэрмінамі: на 400 гектараў павялічылася пасяўная плошча. Гэта землі СУП “Сяргеевічы”. Сельгаспрадпрыемства нядаўна далучылі да ААТ “Зазерка”, і цяпер гэта адзіная гаспадарка.
Земляробы сельгасарганізацыі з пачатку вясны актыўна ўключыліся ў палявыя работы. Экватар сяўбы ўжо пераадолены. Аляксей Вераскоўскі (на здымку) — адзін з трох сейбітаў, якія закладваюць аснову будучага ўраджаю. З году ў год ён паказвае лепшыя вынікі ў гаспадарцы.
— Значныя клопаты па арганізацыі работы ляглі на нашых спецыялістаў. Важна было ўсё хутка наладзіць, каб не губляць каштоўныя вясеннія дні. У нас гэта атрымалася, — расказвае дырэктар Андрэй Папельскі. — Калісьці я ўзначальваў СУП “Сяргеевічы”, гаспадарка для мяне не новая. Добра ведаю людзей, якія там працуюць. Спадзяюся, восенню ўбачым вынік нашай агульнай работы ў выглядзе добрага ўра-джаю.
Яравы клін у гаспадарцы складае 1142 гектары — адзін з самых вялікіх у раёне. Сяўба ідзе хуткімі тэмпамі, сельгасарганізацыя — у ліку лідараў на гэтым відзе палявых работ. На зазерскіх землях працуюць вопытныя сейбіты Аляксей Вераскоўскі і Мікалай Кушпет.
З механізатарамі, як звычайна, сустракаемся на палетках. Аляксей Фёдаравіч заканчваў сеяць ячмень. На сяўбе механізатар працуе адзінаццаты сезон. Адчуваецца, што за тэхнікай сочыць сапраўдны гаспадар. Знешне яна выглядае бездакорна. І, па словах субяседніка, сур’ёзных перашкод у працы пакуль не было.
— Спадзяюся, што іх і не будзе. Зараз самы сезон і для сяўбы, і для заробку, — гаворыць Аляксей Вераскоўскі. — Мы з Андрэем Хатлянікам, які падвозіць насенне, увесь дзень у полі. Праца кіпіць, спыняемся толькі падсілкавацца.
Восьмы год у гаспадарцы на сяўбе таксама шчыруе Мікалай Кушпет. Зараз ён сее пшаніцу. Насенне яму аператыўна падвозіць Міхаіл Булгак.
На сяргеевіцкіх палях аснову будучага ўраджаю закладвае Дзяніс Вашкевіч. Штодзень кожны механі-затар засявае каля 35 гектараў.
Ідзе толькі другі месяц вясны, але большасць палявых работ у гаспадарцы завершана. Андрэй Куслій і Аляксандр Прыгодскі ўнеслі мінеральныя ўдабрэнні пад яравую сяўбу. Сяргей Дароўскі на комплексе агратэхнічных сродкаў “Раса” хутка падкарміў азімыя культуры. Дзякуючы вялікай колькасці снежнага покрыва, яны добра перазімавалі.
Земляробы ўнеслі і зааралі 31 тысячу тон арганікі. На закрыцці вільгаці таксама працавала цэлая каманда механізатараў. Ворывам і культывацыяй глебы займаўся вопытны механізатар Сяргей Кашмель.
— У нас склаўся добры калектыў. Кожны механізатар ведае свае абавязкі і стараецца добра іх выконваць. Не хочацца выдзяляць кагосьці асобна, бо на палях стараюцца ўсе, — падсумоўвае Андрэй Папельскі. — Зараз наша галоўная мэта — якасна правесці пасяўную кампанію. Насенне зернебабовых і аўса ўжо паклалі ў зямлю. Цяпер сеем пшаніцу і ячмень. На раніцу пятніцы ў гаспадарцы было пасеяна больш за 588 гектараў. Плануем цалкам справіцца са збожжавымі культурамі да 15 красавіка. Напрыканцы месяца ўпершыню будзем сеяць цукровыя буракі. Нам даведзены план 100 гектараў. Да сяўбы гэтай расліны мы падрыхтаваліся загадзя: набылі новы трактар і спецыяльны пасяўны агрэгат.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.