ПСУ “Рудзенскае”. Перад жнівом камбайны прайшлі выпрабаванне рапсам.
Гаспадаркі раёна завяршаюць уборку азімага рапсу на зерне. З кожным днём павялічваецца агульная колькасць убраных гектараў і намалочаных тон. На раніцу аўторка гэтыя лічбы складалі 4857 гектараў і 6915 тон адпаведна.
Некаторыя сельгасарганізацыі ўжо выканалі план па ўборцы гэтай алейнай культуры. У нядзелю з пастаўленай задачай справіліся таксама земляробы ПСУ “Рудзенскае”.
— Мінулай восенню мы пасеялі 237 гектараў азімага рапсу. Сёлета зіма дазволіла яму добра перазімаваць, таму ўбіралі ўраджай без страт на ўсёй запланаванай плошчы, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Васіль Васюцінскі. — У мінулым годзе рапс быў запатрабаванай культурай, кошт на яго быў высокі. Вынікамі сёлетняга намалоту не вельмі задаволены. Мы атрымалі сярэднюю ўраджайнасць 17,1 цэнтнера з гектара.
Спачатку рудзенскія земляробы выконвалі дзяржзаказ па рапсе. Астатнюю частку зерня высушылі і засыпалі ў свае засекі. Атрыманае зерне кіраўніцтва сельгасарганізацыі плануе пазней выставіць на продаж.
Рапс у ПСУ “Рудзенскае” ўбралі за шэсць дзён. Пачыналі гэту работу два камбайны, пазней да іх далучыўся яшчэ адзін. На адным з камбайнаў працаваў Аляксандр Юдзін, астатнія механізатары былі запрошаны з іншых арганізацый.
— Уборка азімага рапсу — добрая магчымасць праверыць тэхніку і зернесушыльныя комплексы напярэдадні жніва. Сур’ёзных недахопаў выяўлена не было, — працягвае Васіль Іванавіч. — Падкрэслю, што рапс — добры папярэднік для іншых азімых культур. Вызваленыя з-пад гэтай алейнай расліны ўчасткі мы зараз дыскуем, пазней будзем займацца ворывам, унясеннем удабрэнняў і падрыхтоўкай глебы. На адведзенай плошчы ў асноўным будзем сеяць азімую пшаніцу. Патэнцыял ураджайнасці ў азімых культур значна вышэй, чым у яравых.
Праз лічаныя дні пачнецца жніво. Хутка паспее азімая пшаніца, пасля наступіць час азімага трыцікале. Уборку збожжавых будуць пачынаць з тых участкаў, дзе глеба больш лёгкая, бо гэта ўплывае на вегетацыю раслін.
Абмалочваць збожжавыя культуры ў гаспадарцы будуць пяць камбайнаў. Тры з іх ужо прайшлі выпрабаванне рапсам. Завяршаецца падрыхтоўка астатняй збожжаўборачнай тэхнікі. Машыны і каманда вадзіцеляў ужо сфарміраваны.
Дні да старту ўборачнай кампаніі ў гаспадарцы імкнуцца выкарыстаць з максімальнай карысцю. Паспелі травы другога ўкосу, з якіх плануюць нарыхтаваць яшчэ некалькі тон сянажнай масы. Таксама земляробам трэба вывезці арганіку на палі, каб пасля ўнесці яе пад сяўбу азімых культур ураджаю 2018 года.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.