Пухавіцкія скалалазы пацвердзілі сваё чэмпіёнства.

У мінулым  годзе  пухавіцкія  скалалазы сталі лепшымі спартсменамі ў рэспубліцы. Падмацоўваць гэты высокі статус нашы землякі пачалі з самага пачатку новага года: у студзені яны заваявалі чарговыя медалі абласных і рэспубліканскіх  спаборніцтваў.

Павел Сацута, Кацярына Ганчарэвіч, Павел Астапчык, Максім Гаман, Мікіта Сасноўскі.

Пераможным месцам для пухаўчан стаў Гомель. Тут адбыўся першы этап Кубка Рэспублікі  Беларусь  па  спартыўным   скалалазанні ў дысцыпліне боулдэрынг сярод дарослых. Наш раён прадстаўлялі Антон Федарынчык, Уладзімір Найдзёншаў, Аляксей Буры,  Марыя  Вернікоўская і трэнер Вольга Рак, якая сама з’яўляецца дзеючай спартсменкай.  Мужчынскай  полове каманды не хапіла некалькі балаў, каб стаць прызёрамі. Выступленне   дзяўчат   парадавала:   Вольга стала чэмпіёнкай,  Марыя  заняла трэцяе месца.

— Я перамагла двойчы, бо побач са мной на п’едэстале  стаяла  мая  выхаванка  Марыя, — дзеліцца ўражаннямі  Вольга Рак. — Мы  мэтанакіравана  рыхтаваліся  да гэтых стартаў. Сярод  мужчын канкурэнцыя заўсёды высокая. Антону, Вову і Лёшу толькі па 15 гадоў, і  магу  сказаць, што яны  добра  выступілі на фоне іншых спартсменаў. Хлопцы трэніруюцца шэсць разоў на тыдзень, у іх ёсць спартыўная  мэта і мара, таму іх перамогі дакладна не прымусяць сябе чакаць.

На першынстве Мінскай вобласці па спартыўным скалалазанні ў дысцыплінах цяжкасць і хуткасць на старт выйшлі  дзеці 2005-2006 гадоў нараджэння (каманду прадстаўляла пяць чалавек).  На гэтых спаборніцтвах нашым землякам упершыню давялося лазіць на хуткасць на эталонных трасах. Гэта  трасы сусветнага стандарту, вышыня якіх дасягае 15 метраў. У нашай краіне такіх высокіх скаладромаў пакуль няма, таму эталоннай лічыцца траса вышынёй у 7 метраў.

Вольга Рак.

— Вышыня нашага скаладрома ўсяго 2,5 метра, таму  дзецям без належнай падрыхтоўкі было няпроста. У гэтай дысцыпліне мае выхаванцы ўвайшлі  ў  васьмёрку  лепшых.  Вынік  нядрэнны,  але  мы  можам  выступаць  лепей, — працягвае трэнер Вольга Рак. —  Таму я вырашыла ўнесці пэўныя карэкціроўкі ў  план скаладрома, які плануюць пабудаваць у  нашым  горадзе. Нам трэба таксама мець магчымасць трэніравацца на такіх эталонных трасах.

У лазанні на цяжкасць пухавіччане аказаліся ў ліку лепшых. Мікіта Сасноўскі заняў другое месца, Кацярына Ганчарэвіч — трэцяе.

У пачатку года трэнера асабліва парадаваў Сцяпан Шапашнікаў, які перамог на міжнародных спаборніцтвах у Вільнюсе (Літва). Хлопчык жыве ў Мінску, аднак  тры гады таму вырашыў займацца скалалазаннем   пад  кіраўніцтвам   пухавіччанкі Вольгі Рак. Бацькі  прывозяць  хлопчыка  на трэніроўкі ў Мар’іну  Горку. Часам  Вольга  Сяргееўна сустракаецца з юным спартсменам на сталічных скаладромах.

Напрыканцы лютага пухавіцкія  скалалазы прымуць удзел у чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь.  Актыўныя  трэніроўкі  на скаладроме цэнтра турызму дзяцей і  моладзі працягваюцца.

Кацярына   ДАБРЫЦКАЯ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *