Пухаўчанін стаў лаўрэатам III ступені на абласным фестывалі-конкурсе
Хвалюючым стаў дзень 21 студзеня для юнага піяніста, навучэнца Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандра Антановіча і яго педагога Наталлі Захарэвіч. Аляксандр прадстаўляў сваю навучальную ўстанову на абласным фестывалі-конкурсе юных выканаўцаў дзіцячых школ мастацтваў Мінскай вобласці “Заслаўскі сшытак–2017”.Усе свае ўменні юнаму піяністу трэба было прадэманстраваць кампетэнтнаму журы на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам Фінбергам. І гэта стала важкай прычынай для хвалявання. Акрамя таго, канкурэнцыя на конкурсе была сур’ёзная: больш за 20 адораных піяністаў з усёй вобласці прымалі ўдзел у творчым спаборніцтве.
Нягледзячы ні на што, Аляксандр змог прадэманстраваць усё, на што ён здольны, і стаць лаўрэатам III ступені. Гэта важная перамога, бо піяністы на конкурсе “Заслаўскі сшытак” сустракаюцца адзін раз у чатыры гады.