Пярэжырскай сярэдняй школе імя Анатоля Гурыновіча споўнілася 150 гадоў

Урачыстыя мерапрыемствы з гэтай нагоды ў навучальнай установе адбыліся 9 снежня. Раздзяліць свята разам з вучнямі, настаўнікамі і ветэранамі школы   прыехалі прадстаўнікі Міністэрства    замежных  спраў  Рэспублікі  Беларусь  на чале з намеснікам міністра Яўгенам Шастаковым, а таксама начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Мінскага аблвыканкама  Галіна Казак, намеснікі старшыні  Пухавіцкага райвыканкама Таццяна Ішуцінава і Іосіф Кучко, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму   райвыканкама  Таццяна  Лабанава і іншыя ганаровыя госці.

dscn8808Гісторыя навучальнай установы пачалася ў 1866 годзе, калі  ў  Пярэжыры было адкрыта народнае вучылішча. Да 1904 года ў ім было толькі 3 класы і працаваў з вучнямі адзін настаўнік.  Пасля адкрыцця  4-га і 5-га аддзяленняў школа была перайменавана ў сельскае вучылішча і пераехала ў новы будынак. Паступова колькасць вучняў павялічылася. У дваццатых гадах мінулага стагоддзя ў школе ўжо налічвалася  170 вучняў. У 1930 годзе выйшла пастанова аб усеагульнай сямігадовай адукацыі, таму сельскае вучылішча было  ператворана ў сямігадовую школу. У 1932 годзе  першыя выпускнікі атрымалі пасведчанні аб заканчэнні сямігодкі. Дырэктарам у той час працавала Васіліса Гурыновіч, якая прыклала   шмат намаганняў для таго, каб прыцягнуць  калгасную молодзь да вучобы.  Першыя вучні школы сталі вучонымі, настаўнікамі, урачамі і проста добрымі  і  працавітымі  людзьмі. У гады  Вялікай Айчыннай вайны яны сталі на абарону  Радзімы. Школа ганарыцца сваім выпускніком Андрэем Луцэвічам, які  ўдастоены  высокага  звання  Героя  Савецкага Саюза.

У 1948 годзе Пярэжырская сямігадовая школа  была пераўтворана  ў сярэднюю школу. У 1969 годзе расчыніў свае дзверы новы трохпавярховы будынак з  добра абсталяванымі кабінетамі, майстэрняй, сталовай, актавай залай, бібліятэкай. У 2000 годзе па ініцыятыве Іосіфа Васільевіча Кучко, які ў той час кіраваў установай адукацыі, школе было прысвоена імя аднаго з яе выпускнікоў, былога міністра замежных спраў БССР Анатоля  Гурыновіча.

dscn8659У школы нямала выпускнікоў, якімі яна ганарыцца.  Але  імя  Анатоля  Емяльянавіча Гурыновіча стаіць крыху паасобку. І не толькі таму, што ён займаў значную пасаду і нямала зрабіў для  нашай рэспублікі. У школе з павагай успамінаюць і яго маці, Васілісу Васільеўну Гурыновіч, якая амаль 20 гадоў узначальвала навучальную ўстанову, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагалася з ворагам ў радах партызан спецатрада Градава. За сваю працу Васіліса Васільеўна  атрымала  званне “Заслужаны настаўнік БССР”, узнагароджана ордэнамі Леніна  і Працоўнага Чырвонага Сцяга.  І на святкаванні 150-годдзя школы прысутнічалі людзі, якія  вучыліся ў Васілісы Васільеўны і да гэтага часу  ўспамінаюць яе з падзякай.  Таму даніна павагі знакамітаму выпускніку — гэта яшчэ і даніна павагі і яго сям’і, лёсам звязанай са школай.

Анатоль Емяльянавіч Гурыновіч пахаваны на роднай зямлі. Таму найперш  госці свята ўсклалі кветкі на яго магілу. Аб справах Гурыновіча ўспаміналі і падчас урачыстага адкрыцця музея, прысвечанага жыццю і дзейнасці земляка. Музей, дарэчы, быў створаны па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Канцэпцыю афармлення экспазіцыі распрацавала Наталля Обухава — метадыст Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.  Напаўненне музея экспанатамі  стала  справай школы.

dscn8594-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%8f-5Хочацца адзначыць, што на цяперашні час гэта самы сучасны школьны музей ў нашым раёне. Наталля Іванаўна  расказала, як нараджаліся ідэі па яго  стварэнні. У афармленні, напрыклад,  было вырашана выкарыстаць толькі  “фірменныя” колеры Міністэрства замежных спраў — сіні,  шэры і сталёвы. Абавязковым яна палічыла ўключыць у экспазіцыю фотаздымак будынка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый: на гэтай пляцоўцы і ў часы Анатоля Емяльянавіча, і  зараз беларускія дыпламаты паспяхова адстойвалі і адстойваюць пазіцыю, якой ў міжнароднай палітыцы прытрымліваецца наша краіна.  Інфармацыя на музейных стэндах скампанавана так, каб каля кожнага з іх можна было правесці цэлы ўрок альбо класную гадзіну. Экспанаты размяшчаюцца не толькі на стэндах, але і ў шкляных вітрынах, што дазваляе ўносіць змены ў экспазіцыю. Акрамя гэтага, у музеі ўсталяваны дзве трыбуны і плошча падзелена на дзве зоны: у адной зручна весці размову пра асабістае жыццё Анатоля Гурыновіча, у другой — пра гісторыю беларускай дыпламатыі. Зроблена гэта для таго, каб можна было праводзіць семінары на розныя тэмы з рознымі ўдзельнікамі.

Акрамя наведвання музея, гаспадары для гасцей  арганізавалі экскурсію па будынку школы, які ў гэтым навучальным годзе поўнасцю аднавіўся. Тут пры падтрымцы райвыканкама  быў зроблены масштабны рамонт, і зараз гэтая сельская школа па знешнім выглядзе і афармленні інтэр’ераў ні ў чым не ўступае новабудоўлям.

Арганізатары пастараліся, каб адчуванне свята прысутнічала ва ўсіх кутках школы. На першым паверсе іграў ваенны аркестр, а ў фае былі арганізаваны выставы  дэкаратыўна–прыкладнога мастацтва. На іх прадставілі  работы  ўдзельнікаў  гурткоў  Рудзенскага  цэнтра  творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка”,  настаўнікаў  і  вучняў  школы. Аб сваіх  творах, выкананых у тэхніцы асамбляж, гасцям расказала настаўніца Анжэла Вінаградава. 

Завяршыўся святочны дзень вялікім урачыстым мерапрыемствам. У яго праграме  значыліся і канцэртныя нумары, і віншаванні ад ганаровых гасцей, шэфаў, дырэктараў іншых школ раёна.

Былі і ўзнагароды.  Пярэжырская школа сёння — гэта  207 вучняў і  23 настаўнікі. І ім ёсць чым ганарыцца. Напрыклад, у гэтым годзе на абласным  этапе рэспубліканскай  алімпіяды па хіміі наш раён будзе прадстаўляць вучань  гэтай школы Георгій Зубовіч, якому дапамагае рыхтавацца таленавіты настаўнік Тамара Песенка. За сваю працу Тамара Пятроўна была ўзнагароджана граматай Мінскага абласнога ўпраўлення адукацыі.  Такую ж ўзнагароду начальнік упраўлення Галіна Казак уручыла і Анжэле Вінаградавай. Узнагароды за работу настаўнікі школы атрымалі ад яе сённяшняга дырэктара Сяргея  Гуцу, а ветэраны — ад былога дырэктара школы, а зараз намесніка старшыні райвыканкама Іосіфа Кучко.

Юбілей — гэта заўсёды нагода  паразмаўляць аб мінулым і падумаць аб будучым. У калектыва Пярэжырскай сярэдняй школы наперадзе шмат працы. Ёсць спадзяванні, што пастаяннымі будуць экскурсіі ў новым музеі, а сярод пераможцаў прадметных алімпіяд і конкурсаў рознага ўзроўню імёны пярэжырскіх школьнікаў будуць сустракацца ўсё часцей.

Наталля   ПАРХОМЧЫК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *