Святло ў акенцы
У вёсцы Дубавое, якая знаходзіцца на тэрыторыі Шацкага сельсавета (былы Селецкі), усяго 15 дамоў. Кажуць, што калісьці ў гэтай мясцовасці расло шмат дубоў, адсюль і пайшла назва вёскі.З цягам часу многае змянілася. Сёння дрэвы-асілкі растуць хіба толькі ў лесе, які раскінуўся побач. Змянілася і сама вёска: яна ператварылася ў ціхі куточак. Улетку Дубавое зноў напаўняецца звонкімі дзіцячымі галасамі: сюды прыязджаюць дачнікі і ўнукі мясцовых жыхароў.А зімаваць у родных хатах застаюцца толькі дзве жанчыны, якіх жыццё аднойчы і назаўжды прывяло ў гэтую вёску.
Галіна Рыгораўна Хурс і Ганна Пятроўна Фурс — больш, чым проста суседкі. Шмат гадоў жанчыны сябруюць. Іх яднае не толькі сугучча прозвішчаў, але і жыццёвы шлях.
Галіне Хурс 85 гадоў. У свой час яна выйшла замуж і перайшла жыць у Дубавое з суседняй вёскі Ямнае. Жанчына працавала даяркай на мясцовай ферме, выхавала двух сыноў. Сёння Валерый і Сяргей — надзейныя памочнікі Галіны Рыгораўны.Яе нам пашчасціла застаць дома: гаспадыня толькі вярнулася з лесу. Вынік ціхага палявання — вядро лясных дарункаў.
— Грыбоў назбірала, — сціпла гаворыць субяседніца, трымаючы ў руках прыгожыя падасінавікі. — Лепшыя грыбы я марыную або смажу. Астатнія — сушу. Сёлета таксама хадзіла ў ягады. Здароўе ўжо слабое, але ў лес хаджу ўсё роўна, не прывыкла сядзець на месцы.
Галіна Хурс, як і ўсе вясковыя жыхары, штогод садзіць агарод. Зямельныя клопаты жанчыне падабаюцца. Працуе яна па-троху — усё-такі ўзрост. Колькі разоў казала сабе, што на наступны год нічога садзіць не будзе, аднак вясной, быццам па інерцыі, зноў ідзе ў агарод. Хутка прыедуць сыны і закіпіць работа: будуць капаць бульбу.
— Калісьці я трымала вялікую гаспадарку: былі козы, каровы, свінні. Сёння трымаю толькі курэй, сабачку і коціка, — працягвае субяседніца.
Жанчына любіць успамінаць маладосць. Дубавое заўсёды было невялікай вёскай, але тады ва ўсіх хатах жылі сем’і. Аднавяскоўцы часта збіраліся разам, спявалі песні. Галіна Хурс была вясёлай жанчынай. Свой пазітыў і добры настрой зберагла, любіць спяваць і сёння.Ганну Фурс у свой час у Дубавое таксама прывяло замужжа. Раней яна жыла ў суседняй вёсцы Парэчча. У маі гэтага года яна адзначыла сваё васьмідзесяцігоддзе.Усё сваё жыццё таксама працавала ў калгасе даяркай. Ад дома да фермы кожны дзень хадзіла па тры кіламетры.
— Хадзілі пешшу праз рэчку, зімою было крыху складаней, бо бывала, што лёд не вельмі моцны быў і правальваўся, але нас было шмат, таму ўсіх ратавалі, — успамінае Ганна Пятроўна.
У доме жанчыны шмат вышываных посцілак, падушак, сурвэтак. Відаць, што Ганна Пятроўна ў маладосці вышывала, вязала. Зараз працуе на агародзе, садзіць кветкі, бо любіць, каб было прыгожа.Маляўнічае наваколле вёскі зачароўвае з першага погляду. Жанчыны прызналіся, што пераехаць у горад ніколі не хацелі.
— Мне тут падабаецца: лес, прыгожая рэчка побач, свежае паветра. Бывае, сядзіш на лаўцы, а побач заяц прабягае. Аднойчы ў мой двор наогул ліса завітала, — працягвае Ганна Фурс.
З лёгкім сумам жанчыны сустракаюць восень і зіму. З надыходам першых замаразкаў шумная летам вёска зноў пацішэе. Амаль на ўсіх хатах будуць вісець замкі. Зімаваць разам жанчынам не ўпершыню. Прадукты ім прывозіць аўталаўка, паштальён — газеты. Яны будуць хадзіць у госці адна да адной, успамінаць былое. Будуць гэтак жа тэлефанаваць дзецям і чакаць іх прыезду.Доўгімі цёмнымі вечарамі ў акенцах Ганны Фурс і Галіны Хурс будзе гарэць святло. Святло добрай надзеі і сімвал таго, што жыццё ў вёсцы працягваецца.