Святло ў акне Наталлі Мікалаеўны Скаскевіч.

 

Першыя вучні Наталлі Мікалаеўны Скаскевіч, настаўніцы пачатковых класаў Марінагорскага НПК дзіцячы садсярэдняя школа (на здымку), у гэтым годзе могуць сабрацца на свой 32-гі вечар сустрэчы выпускнікоў, а цяперашнім першакласнікам да звання выпускнікоў яшчэ вельмі далёкаШто ж абядноўвае гэтакіх розных па ўзросце людзей? Толькі любоў і павага да свайго першага настаўніка, які адным ужо даўно сфарміраваў надзейны падмурак для авалодання ведамі, а другім  фарміруе сёння

Святло ў акне класа, дзе працуе Наталля Мікалаеўна, нярэдка гарыць дапазна. Калег па школе гэта не здзіўляе, бо ўсе ведаюць, што настаўніца ніколі не пойдзе дадому, не падрыхтаваўшыся на сто працэнтаў да наступнага навучальнага дня.

— Гэта праўда, я часта затрымліваюся ў школе, — усміхаецца Наталля Мікалаеўна.—Люблю пайсці з работы, калі правераны ўсе сшыткі, напісаны планы на заўтрашні дзень, падрыхтавана дошка, навучальны матэрыял. Я павінна раніцай без усялякай мітусні пачаць урок. Такая вось звычка сфарміравалася за гады працы…

У Мар’інагорскую СШ №1 (НПК дзіцячы сад-СШ) Наталля Скаскевіч прыйшла ў 1986 годзе. І нягледзячы на тое, што магла б ужо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, працягвае працаваць з дзецьмі. І гэтаму ёсць дзве сур’ёзныя прычыны. Па-першае, Наталлю Мікалаеўну не мае жадання адпускаць кіраўніцтва навучальнай установы:  педагог працуе эфектыўна, якасна, з душой, дае трывалыя веды сваім выхаванцам.

— Не сакрэт, што многія выпускнікі пачатковых класаў  са складанасцямі адаптуюцца да патрабаванняў старэйшай школы, — кажа дырэктар НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Наталля Дрозд.— Павінен прайсці некаторы час, каб дзеці адчулі сябе дарослымі. З-за гэтага, бывае, і паспяховасць у пяцікласнікаў некалькі зніжаецца. А вось вучні Наталлі Мікалаеўны гэты пераходны перыяд перажываюць лёгка. Яны прывучаны да дысцыпліны, умеюць слухаць і чуць, а таксама працаваць самастойна. Вельмі і вельмі важная якасць для вучня. Акрамя таго, узровень ведаў па прадметах дзеці стабільна дэманструюць дастаткова высокі. Гэта сведчыць аб тым, што настаўнік ведае, як сфарміраваць у вучня добрую базу для далейшага навучання.

Зусім не дзіўна таму, што прывесці сваё дзіця ў клас да такога настаўніка імкнуцца многія бацькі. Асабліва тыя, хто сам вучыўся ў Наталлі Мікалаеўны або ўжо прыводзіў да яе старэйшых дзяцей.

Другая прычына, чаму педагог усё яшчэ працягвае працаваць у школе, — любоў і адданасць прафесіі, без якой Наталля Скаскевіч пакуль не можа ўявіць сваё жыццё.

— Я вельмі люблю дзяцей, — кажа Наталля Мікалаеўна.—Люблю ўзірацца ў іх дапытлівыя вочкі, вучыць іх таму, чаго яны раней не ведалі, люблю бачыць, як яны пішуць першыя словы, рашаюць свае першыя ў жыцці задачы. Люблю бачыць вынік нашай сумеснай працы. Імкнуся навучыць сваіх вучняў самаму галоўнаму: бегла чытаць, упэўнена лічыць, прыгожа і без памылак пісаць. А ўсяму астатняму навучаць настаўнікі старэйшай школы.

Абсалютна правільная, на мой погляд, пазіцыя настаўніка пачатковых класаў. Не павінна быць інакш, нягледзячы на тое, што школа апошнім часам актыўна асвойвае самыя розныя навамодныя методыкі. Вось і Наталля Мікалаеўна прызнаецца, што заўсёды выбарча ставілася і ставіцца да іх. Мяняюцца падручнікі, прыдумваюцца новыя тэхналогіі, але настаўнік па-ранейшаму ўпэўнена ў тым, што галоўнае для вучня — практыка. На пісьме трэба больш пісаць, на матэматыцы — лічыць, а на чытанні — чытаць. А яшчэ, на думку педагога, з першых дзён у школе дзеці павінны засвоіць галоўнае правіла добрага вучня: калі ты хочаш мець высокую адзнаку, ты павінен яе зарабіць.

— Мне заўсёды радасна і прыемна чуць ад калег, што мае былыя вучні прыйшлі ў старэйшую школу добра падрыхтаванымі, — прызнаецца Наталля Мікалаеўна.— Гэтыя словы больш каштоўныя для мяне, чым любыя ўзнагароды. Яны даюць стымул працаваць далей.

За поспехамі сваіх былых вучняў Наталля Мікалаеўна сочыць не толькі падчас іх адаптацыі ў старэйшай школе: гэта працягваецца… заўсёды. Настаўнік з задавальненнем назірае за сваімі былымі выхаванцамі, многія з якіх працавалі або працуюць у нашым раёне.

—  Вераніка Дзёма, Віктар Цапляеў, Вікторыя Казючыц, Зоя Туміловіч, Алена Шчэпетава, Яўген Бабук — гэта ўсё мае дзеці… Яны сталі ўрачамі, юрыстамі, настаўнікамі, інжынерамі, — гаворыць Наталля Мікалаеўна.—  Хіба гэта мяне можа не радаваць?

Як і тое, што ўсе гэтыя людзі ніколі не пройдуць міма, не заўважыўшы свайго першага настаўніка, які даў ім сваю любоў, свае веды і ўменні, стаў прыкладам чалавечнасці, дабрыні, самастойнасці, жадання ў любы момант прыйсці на дапамогу таму, хто ў ёй мае патрэбу.

Алена ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *