Словы падзякі за працу прагучалі ў адрас калектыву ААТ “Голацк”.

Да 1 красавіка будзе доўжыцца рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”. На гэтым тыдні  словы падзякі за працу гучалі ў адрас калектыву ААТ “Голацк”. Павіншаваць жывёлаводаў малочна-таварнай фермы “600 галоў”  прыехаў  галоўны тэхнічны інспектар працы Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Мотуз. Аляксандр Васільевіч уручыў падзячныя лісты і грашовыя прэміі ад абкама прафсаюза работнікаў АПК тэхніку-асемянатару Дзіяне Яскевіч, аператару машыннага даення Людміле Грышчанка і аператару по доглядзе і кармленні дойнага статку Юрыю Мазаніку. 

Дзіяна Яскевіч — адданы гаспадарцы чалавек. Яна працуе тут усё жыццё. Пачынала як аператар машыннага даення, пасля скончыла спецыялізаваныя курсы і стала тэхнікам-асемянатарам. Дзіяна Віктараўна адказвае за ўзнаўленне статку.

—  У мінулым годзе ААТ “Голацк” стала лепшым па вытворчасці малака — 7963 тоны. “Плюс” да 2016 года склаў 308 тон.

Сярэдні надой малака ад каровы склаў 4860 кілаграмаў (плюс 192  кілаграма да 2016 года).

Да прыемных слоў і віншаванняў далучылася старшыня райкама  прафсаюза работнікаў АПК Людміла Ленкавец. Падзякі і падарункі ад  Прэзідыума раённага галіновага прафсаюза атрымалі аператары машыннага даення  Надзея Навіцкая, Таццяна Зварыкіна, Галіна Рабянок, жывёлавод Алена Доўгая.

Надзея Навіцкая.

Старшыня прафкама гаспадаркі Зоя Кікаць уручыла падарункі брыгадзіру МТФ “600 галоў”   Валянціне Цімашкевіч, памочніку брыгадзіра Вользе Протас, слесару малочнага абсталявання   Васілю Лысенку і жывёлаводу Юрыю Нявейку.

Калектыў сельгаспрадпрыемства другі год далучаецца да гэтай прафсаюзнай акцыі. Зразумела, што адразу адзначыць усіх жывёлаводаў немагчыма, таму ў гэтым годзе ў спісе ўдзельнікаў акцыі ўсё больш новых імён. Зоя Кікаць наведала  астатнія фермы і  павіншавала  калектывы кожнай з іх. Усяго ў ААТ “Голацк” падарункі атрымалі  34  жывёлаводы.

Сваю   прыемную  місію   —  павіншаваць  работнікаў  ферм — Аляксандр Мотуз сумясціў са сваімі звыклымі абавязкамі. Галоўны тэхнічны інспектар працы праверыў санітарна-бытавыя ўмовы працы жывёлаводаў. На малочнатаварнай ферме  ёсць гардэроб, пакоі для адпачынку і для прыёма ежы, душавая кабіна, пральная машына.

Наступнымі  пунктамі прыпынку ў нашым раёне  для  Аляксандра Мотуза сталі мехдвары ААТ “Племянны завод “Індустрыя”, “Пухавіцкі райаграсэрвіс”, “Ражджэственскае-агра”. Мехмайстэрні гэтых гаспадарак прадстаўнікі абласнога і раённага прафсаюза работнікаў АПК наведалі ў рамках месячніка па падрыхтоўцы да вясенне-палявых работ, які  абвешчаны  Федэрацыяй прафсаюза і праводзіцца з 15 сакавіка.

— Мэта аб’яўленага месячніка — наведаць усе мехдвары, праверыць гатоўнасць тэхнікі да палявых работ і разам з гэтым  ацаніць умовы працы людзей, бо важная задача прафсаюзаў — садзейнічаць  стварэнню  добрых умоў на працоўных месцах, — адзначыў Аляксандр Мотуз. —  Таксама мы праводзім маніторынг па стварэнні бяспечных умоў працы. Пра прафілактыку вытворчага траўматызму  ўсім работнікам сельскай гаспадаркі трэба памятаць пастаянна.

Кацярына   ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *